УЖЫВУЮ • Акцыя «Патрабуем сапраўдных выбараў» на Кастрычніцкай плошчы

Карэспандэнты Свабоды перадаюць з цэнтру Менску. Лідэр БСДП («Народная грамада»), кандыдат у прэзыдэнты 2010 году, былы палітвязень Мікалай Статкевіч заклікаў выйсьці на Кастрычніцкую плошчу ў Менску 12 верасьня а 18-й гадзіне на акцыю пратэсту супраць фальсыфікацыяў выбараў.

Палітык пісьмова папярэдзіў улады пра намер правесьці гэтую акцыю, але дазволу не прасіў.

Статкевіч упэўнены, што выбараў у Беларусі няма, што замест выбараў праводзіцца рытуал прызначэньня дэпутатаў, у якім пераможцы вядомыя яшчэ ў момант прызначэньня ўчастковых камісіяў.

«Выбараў не было — быў фарс. Я казаў, што калі ўладзе трэба будзе мець апазыцыянэраў у Палаце, яна мусіць фальсыфікаваць выбары ў нейкай частцы, — сказаў Статкевіч, камэнтуючы вынікі парлямэнцкай кампаніі. — Нам трэба выбары, ня трэба такое прызначэньне, хай яно носіць і станоўчыя моманты. Ідзе нейкая гульня, яна ад слабасьці, але гэта толькі гульня».

Радыё Свабода