Навіны

Валянцін Стэфановіч: Палітвязьням амністыя «ня сьвеціць»

Аляксандар Лукашэнка падпісаў закон «Аб амністыі ў сувязі з 70-годзьдзем Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне 1941–1945 гадоў», паведамляе прэс-служба кіраўніка дзяржавы. Закон уступіць у сілу з дня яго афіцыйнага апублікаваньня і падлягае выкананьню на працягу шасьці месяцаў.

Законапраект быў прыняты Палатай прадстаўнікоў 13 траўня, а 20 траўня быў ухвалены Саветам Рэспублікі Нацыянальнага сходу.

Пад дзеяньне амністыі падпадаюць непаўналетнія, цяжарныя жанчыны, жанчыны і адзінокія мужчыны, якія маюць дзяцей да 18 гадоў, мужчыны, старэйшыя за 60 гадоў, і жанчыны, старэйшыя за 55 гадоў, інваліды I або II групы, а таксама хворыя на актыўную форму сухотаў, ВІЧ-інфікаваныя і хворыя на анкалёгію, вэтэраны баявых дзеяньняў, грамадзяне, якія пацярпелі ад катастрофы на Чарнобыльскай АЭС, ды шэраг іншых катэгорыяў.

Акрамя таго, вызваляюцца ад пакараньня асобы, якія ўчынілі злачынствы, што не ўяўляюць вялікай грамадзкай небясьпекі, і якiм прызначана пакараньне ў выглядзе абмежаваньня волі, пазбаўленьня волі, асобы, якія ўчынілі злачынствы, што адносяцца да катэгорыі менш цяжкіх, асуджаныя за некаторыя злачынствы супраць уласнасьці і парадку ажыцьцяўленьня эканамічнай дзейнасьці, калі на дзень уступленьня ў сілу закону яны адбылі ня менш як адну траціну прызначанага тэрміну пакараньня.

На думку праваабаронцы Валянціна Стэфановіча, беларускім палітвязьням гэтая амністыя «ня сьвеціць»:

«Некаторыя зь іх па артыкулах не падыходзяць, а некаторыя — паводле статусу „злосныя парушальнікі рэжыму“. А Мікалай Дзядок і Юры Рубцоў фармальна зьдзейсьнілі злачынствы ў пэрыяд адбыцьця пакараньня, непагашанай судзімасьці».

Папярэдняя амністыя праводзілася ў 2014 годзе і была прымеркаваная да 70-годзьдзя вызваленьня Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Пад яе дзеяньне трапілі 8073 асуджаных, якія ўтрымліваліся ў месцах пазбаўленьня волі. Амаль 2,5 тысячам чалавек скарацілі тэрмін пакараньня на год.

Пад амністыю ў чэрвені 2014 году падпаў праваабаронца Алесь Бяляцкі, які адбываў пакараньне тэрмінам 4,5 года за няплату падаткаў. Праваабаронца Валянцін Стэфановіч патлумачыў, што ў 2012 годзе амністыя на яго не распаўсюджвалася: яму маглі зьняць адзін год, але фармальна ў яго быў статус злоснага парушальніка рэжыму. У 2014 годзе гэта было выключна палітычнае рашэньне. Да таго ж дысцыплінарныя спагнаньні былі фармальна пагашаныя. І ў першы дзень амністыі Бяляцкага вызвалілі.

„Хачу — не хачу“ — адзіная прычына, чаму іх не вызваляюць

«Пры наяўнасьці палітычнай волі кіраўніцтва Беларусі вызваліць палітвязьняў нескладана, калі казаць пра выключна прававы бок гэтага пытаньня. Бо ўсе гэтыя статусы як лёгка прызначаюцца, так лёгка і здымаюцца. Могуць вызваліць паводле ўказу прэзыдэнта аб памілаваньні, як гэта было і ў 2011 годзе, і ў 2008 годзе — без усялякіх прашэньняў людзі вызваляліся. І для мяне дзіўна, што зараз улады становяцца ў позу і кажуць, што патрэбна асабістае прашэньне аб памілаваньні кожнага. Гэта ўсё ўжо было, мэханізм быў прадэманстраваны. Лукашэнка аднойчы прагаварыўся, што раней вызваляў і без прашэньня, а цяпер хоча, каб было з прашэньнем. То бок „хачу — не хачу“ — адзіная прычына, чаму іх не вызваляюць», — мяркуе праваабаронца Валянцін Стэфановіч.

Цяперашняя амністыя — чатырнаццатая па ліку з 1991 году. Паводле папярэдніх разлікаў МУС, пад сёлетнюю амністыю падпадаюць каля 8600 асуджаных. Прыкладна 2200 чалавек могуць быць вызваленыя з калёніяў, 715 — з папраўчых установаў адкрытага тыпу, 5685 — зьнятыя з уліку ў крымінальна-выканаўчых інспэкцыях.

Іна Студзінская, Радыё Свабода