Актуальна

Валянцін Стэфановіч: Ведаю выпадкі, калі скасоўвалі пастанову суда праз тое, што SMS не дайшло

Беларусаў усё часцей выклікаюць у суд SMS-паведамленнем.

Аштрафаваныя нядаўна за несанкцыянаваныя пікеты апазіцыянеры Мікалай Статкевіч, Уладзімір Някляеў і Анатоль Лябедзька былі выкліканыя ў суд нязвыклым для Беларусі чынам – SMS-паведамленнем, нагадвае “Радыё Свабода”.

Ці законна дзейнічаў судовы сакратар Цэнтральнага суду, калі выклікаў апазіцыянераў на разгляд справы SMS-паведамленнем?

Вярхоўны суд зрабіў на гэты конт заяву, што закон у гэтым выпадку не быў парушаны:

«У Беларусі выкарыстанне іншых сродкаў сувязі для накіравання судовых позваў, прынамсі такога тыпу сучаснай камунікацыі, як SMS-паведамленне, пра час і месца судовага пасяджэння юрыдычна зацікаўленых у зыходзе справы асоб рэгламентаванае працэсуальнымі нормамі і дзейнымі ў судах агульнай юрысдыкцыі інструкцыямі аб справаводстве», – адзначаецца ў паведамленні прэс-службы Вярхоўнага суда.

Вярхоўны суд спаслаўся на пастанову пленума Вярхоўнага суда ад 21 снежня 2012 года «Аб практыцы разгляду спраў у парадку завочнага разгляду», у якой сказана, што «ў неабходных выпадках інфармаванне дазваляецца з выкарыстаннем электрасувязі», але пры ўмове «фіксацыі факту адпраўкі і дастаўкі такога паведамлення адрасату».

Паводле звестак прэс-службы Вярхоўнага суда, інфармаванне праз SMS асоб, прыцягнутых да адміністрацыйнай адказнасці, прадугледжанае артыкулам 10.9 Працэсуальна-выканаўчага кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях.

Таксама ў Вярхоўным судзе спаслаліся на п.106 арт.7 «Інструкцыі ў справаводстве», якая зацверджаная для судоў агульнай юрысдыкцыі загадам старшыні Вярхоўнага суда Валянціна Сукалы ў кастрычніку 2014 года. «Асобы могуць быць выкліканыя ў судовае пасяджэнне тэлефанаграмай, тэлеграмай, з дапамогай электронных і SMS-паведамленняў пры фіксацыі факту адпраўлення і дастаўкі такога паведамленні адрасату», – паведамляе прэс-служба Вярхоўнага суда са спасылкай на інструкцыю.

Але што рабіць у выпадку, калі SMS-паведамленне з пэўных прычын да адрасата не дайшло, але працэс прайшоў завочна і з вынікам яго чалавек не згодны? Ці можа гэта паўплываць на юрыдычныя наступствы перагляду справы?

Намеснік старшыні праваабарончага цэнтра “Вясна” Валянцін Стэфановіч так пракаментаваў практыку выкліку на суд праз SMS:

«З пункту гледжання закона інфармаванне праз SMS магчымае, такая практыка існуе і становіцца ўсё больш распаўсюджанай практыкай. Правы тых, каго так выклікаюць у суд, калі гэта належным чынам зафіксаванае, не парушаюцца. Аднак бываюць розныя сітуацыі, калі SMS-паведамленне да чалавека не дайшло з тэхнічных прычын. Калі справу чалавека разгледзелі завочна, а ён не атрымліваў SMS-паведамлення пра час і месца працэсу, трэба звярнуцца ў суд і паспрабаваць гэта даказаць. У тым ліку можна ўзяць раздрукоўку ў службах мабільнай сувязі і прадставіць яе суду, каб суд у сваю чаргу даказаў, што ён інфармаваў чалавека пра час і месца правядзення пасяджэння належным чынам. Калі атрымаецца даказаць, што SMS чалавек не атрымліваў, – гэта падстава для скасавання судовай пастановы, прынамсі, адміністрацыйнай пастановы».

Са слоў Валянціна Стэфановіча, у нашай праваабарончай практыцы ўжо былі выпадкі, калі ў судах удавалася давесці, што SMS-паведамленні не даходзілі, і скасоўваць вынікі завочных працэсаў. «Такіх выпадкаў ужо ведаю шмат», – сказаў праваабаронца.

Чаму Мікалая Статкевіча, Уладзіміра Някляева і Анатоля Лябедзьку выклікалі ў суд не звычайнай позвай па пошце, а праз SMS? Ці не спяшаліся пакараць?

«Пытанне да суддзяў. Што да палітыкаў такое ўпершыню, але што да звычайных людзей – гэта ўжо распаўсюджаная практыка. Тут варта казаць і пра іншае: людзей прыцягнулі да адказнасці за тое, што падчас «выбараў» яны публічна выказвалі свае меркаванні аб важных для грамадзян рэчах. Атрымліваецца, што дзяржава іх у гэтым праве абмежавала ды яшчэ і пакарала», – сказаў Валянцін Стэфановіч.