Грамадская акцыяСтрайк

Вераніка Мішчанка: Сёння важна заставацца дома на любой падставе

1 лістапада лідар Беларускага аб’яднання працоўных Сяргей Дылеўскі абвясціў пра страйк.

Сайт Charter97.org паразмаўляў з блогеркай і актывісткай партыі «Народная Грамада» Веранікай Мішчанкай пра агульнанацыянальны страйк.

– Наколькі дзейсным механізмам, на вашую думку, з’яўляецца страйк і прынцып «Застанься дома»?

– Мы цэлы год казалі, што на сённяшні момант страйк – гэта самы бяспечны і дзейсны метад пратэсту. Не буду паўтарацца ўжо каторы раз, але ў жніўні летась было відаць, як Лукашэнка спалохаўся страйку. Праз сітуацыю, якая склалася ў краіне, сёння важна заставацца дома на любой падставе, нават сказаўшы, што ў вас «пахмелле». Я мяркую, што страйк – самы дзейсны метад.

– Чаму каманда Міколы Статкевіча, якую вы прадстаўляеце, пастанавіла ўключыцца ў падтрымку страйку?

– У нас было абмеркаванне ў партыі, ці падтрымліваем мы страйк. Мы ўсе адназначна пастанавілі, што мы яго падтрымліваем, асабліва прынцып «застацца дома». Я думаю, што Мікола Статкевіч быў бы ў ліку першых, хто выступіў бы за страйк. Літаральна некалькі дзён таму я апублікавала ягоны стары матэрыял, зварот да Лукашэнкі датычна COVID-19. Тады Мікола Статкевіч найбольш думаў пра беларусаў і Беларусь.

Натуральна, мы падтрымліваем усе патрабаванні, якія былі вылучаныя Сяргеем Дылеўскім. Тым больш, першае патрабаванне – гэта вызваленне палітвязняў. Для нас вельмі важныя правы працоўных, таму мы падтрымліваем іх.

– Ці паступала вам, як блогеру, нейкая цікавая інфармацыя пра ход працоўнага пратэсту?

– Так, паступае. Я аператыўна скідаю інфармацыю ў тэлеграм-каналы «Баста!» і БОР. Я хачу, каб пра сітуацыю даведвалася як мага больш людзей, таму адразу дзялюся і заклікаю сваіх падпісчыкаў таксама так рабіць.

– Вы знаходзіцеся ў Літве. Наколькі беларуская дыяспара сёння гатова падтрымаць страйкоўцаў?

– Літоўская дыяспара ўдзельнічала ў зняцці роліка «Заставайся дома», а ў гэтую нядзелю на плошчы Вінцаса Кудзіркі а 2-й гадзіне ў нас адбудзецца акцыя ў падтрымку страйку і працоўных. Вядома, мы падтрымлівалі і будзем падтрымліваць працоўных.

У Літве ёсць шмат людзей, якія ўцяклі ад рэжыму, у тым ліку і з «хіміі». Ёсць нават тыя, якім давялося пераплываць раку, то-бок тут знаходзяцца людзі, якія ўдзельнічалі ў пратэстах. Яны разумеюць, што такое знаходзіцца ў турме, чаму важна вызваляць палітвязняў. Тут таксама шмат працоўных, якія разумеюць, чаму важна ўжо нарэшце ўсё гэта скончыць.

– Вы нядаўна сказалі: дзеянні працоўных дапамогуць пераламаць сітуацыю ў Беларусі. Што сёння могуць зрабіць як палітычныя лідары, так і простыя людзі, каб працоўны пратэст стаў яшчэ мацнейшым?

– Важна зразумець асобным лідарам апазіцыі і блогерам, якія ладзяць бардак, сцвярджаючы, нібыта «ў нас нічога не атрымаецца» і трэба «чакаць нейкага трыгера», гэта значыць лепшых часоў. Лепшыя часы ніколі не надыходзяць для тых, хто нічога не хоча рабіць. Заўсёды знойдуцца адгаворкі. Мы створым трыгер самі, не трэба чакаць нейкага «рэферэндуму». Мы зробім самі, досыць чакаць.

Вы ведаеце, я думаю, што калі б больш беларусаў падключылася да падтрымкі працоўных, калі былі заклікі прыходзіць да прахадных заводаў у жніўні 2020 года… На жаль, шмат хто пайшоў на працу замест таго, каб падтрымаць працоўных. Мне падаецца, што сёння сітуацыя магла б быць іншай, таму падтрымка працоўных як ніколі важная. Трэба дапамагаць людзям эмацыйна.

Мне пішуць у каментарах людзі, што вельмі мала інфармацыі пра страйк, асабліва ў людзей старэйшага ўзросту, якія не карыстаюцца Telegram, а атрымліваюць інфармацыю з Viber ці «Аднакласнікаў». Я мяркую, што найперш павінна быць інфармацыйная падтрымка. Нават калі ты не можаш сысці сёння ў страйк ці застацца дома, то трэба падтрымліваць працоўных інфармацыйна. Райце заставацца дома, расказвайце і дзяліцеся ўсімі рэчамі, якія адбываюцца на заводах: парушэнні тэхнікі бяспекі, парушэнне правоў працоўных і гэтак далей і да таго падобнае.

– 4 лістапада самазванец Лукашэнка падпісаў «саюзныя праграмы» з Расеяй. Лідар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Андрэй Саннікаў у сувязі з гэтым заявіў, што грамадзянін Лукашэнка здзейсніў дзяржаўную здраду. «Беларускае аб’яднанне працоўных» заклікала ўсіх устаць на абарону нашай Радзімы і далучыцца да агульнанацыянальнага страйку. На вашую думку, што павінны рабіць беларусы цяпер для абароны суверэнітэту краіны?

– Калі ўзяць да ўвагі, што ў беларусаў спіс дзеянняў вельмі абмежаваны, то, напэўна, усё тое, да чаго заклікала «Беларускае аб’яднанне працоўных», і што прадаўжае рабіць. Мы цудоўна разумеем, што як бы ні былі падпісаныя дарожныя карты, там яшчэ вельмі шмат узгадненняў. Гэта доўгі працэс, каб гэтыя пагадненні набылі моц, таму Пуціну не патрэбная неспакойная Беларусь, дзе ідуць хваляванні і дзе Лукашэнка не гаспадар. Трэба прадаўжаць выказваць непадпарадкаванне і паказваць Расеі, ЕЗ і ЗША, што беларусы не прызнаюць Лукашэнку легітымным. Мы павінны заставацца дома, дзяліцца інфармацыяй і тыя, хто самы смелы – сыходзіць адкрыта ў страйк.

charter97.org