Веснавыя кветкі для Міколы Статкевіча
Да 25 сакавіка Ніна Аксёнчык — паэт і мастак-самавук, — намалявала і паслала ў турму ў Магілеў палітвязню Мікалаю Статкевічу лірычную акварэль “Першыя пралескі”.
“Хай іх сьвятло сагравае Вас у цяжкі час і нясе Вам свабоду. Ганарымся Вамі, Вашай мужнасьцю. Здароўя Вам. Чакаем Вас усіх на волі”, — напісала мастачка на адваротным баку малюнка.
“Так я выразіла сваю салідарнасьць і падтрымку паважанаму Міколе Віктаравічу. Мы ў Празе ходзім на пікеты, на многія акцыі Салідарнасьці з палітвязьнямі. У гэтыя дні захацелася паслаць яму Асабіста першыя пралескі”, — паведаміла Ніна Аксёнчык нашай рэдакцыі.
“Трэба ведаць, што супраць людской Салідарнасці не ўстаіць аніякая дыктатура. Таму нам усім трэба яшчэ больш актыўна і настойліва змагацца за свабоду беларускіх палітвязьняў і аказваць ім маральную падтрымку”, — зазначыла мастачка.