Навіны

Вольга Нікалайчык застаецца чалавекам без пашпарта

Міліцыянты забралі пашпарт у рэжысёркі Вольгі Нікалайчык яшчэ 26 траўня падчас затрымання за пэрформанс “касметычка начных ваўкоў” каля расейскай амбасады.

Асноўны довад невінаватасці актывісткі – відэа з камер расейскай амбасады. Падчас разгляду касацыйнай скаргі Вольгі Нікалайчык суддзя Валерый Камісараў пагадзіўся з патрабаваннем актывісткі паглядзець запіс і высветліць, ці сапраўды яна брыдка лаялася і чыніла супраціў міліцыі, як заяўляе абвінавачванне.

Пасля пасяджэння актывістка прыходзіла да суддзі і спрабавала вярнуць пашпарт, аднак Валерый Камісараў не аддаў яго, спаслаўшыся на тое, што Вольга з\’яўляецца арыштаванай паводле адміністрацыйнай справы, а пашпарт з\’яўляецца часткай матэрыялаў справы.

“Вельмі непрыемная сітуацыя, бо я не магу ні да лекара трапіць, ні да стаматолага. Без пашпарта я не магу развязваць свае побытавыя праблемы. На гэты момант я не адміністрацыйна арыштаваная, я на волі і мая віна не даведзеная. Гэта проста абуральнае парушэнне маіх правоў і закону”, – адзначае актывістка.

Юрыстка Праваабарончага цэнтра “Вясна” Наста Лойка звяртае ўвагу на тое, што сітуацыя, калі супрацоўнікі міліцыі не аддаюць дакументы, якія могуць пацвердзіць асобу, у тым ліку пашпарт, на жаль, сустракаецца вельмі часта. Гэта асобны механізм уплыву на чалавека і спроба захаваць яго пад сваім кантролем.

“Чалавек без пашпарта вельмі абмежаваны: ён не можа нікуды выехаць, укласці пагадненні і рэалізаваць іншыя свае правы. Пасля затрымання чалавека для адбыцця адміністрацыйнага арышту пашпарт павінен знаходзіцца ў месцах адбыцця пакарання. Але ў гэтай сітуацыі, раз Вольга не стала адбываць пакаранне – гэта недапрацоўка саміх супрацоўнікаў міліцыі. Яны павінны былі забяспечыць канвой для адбыцця ў момант разгляду ейнай касацыйнай скаргі. На нашу думку, Вольга Нікалайчык не павінна наогул адбываць ніякага пакарання. Але баюся, што гэта малаімаверна, улічваючы, што заканадаўства не прадугледжвае ніякіх тэрмінаў даўніны, калі вынесены адміністрацыйны арышт і калі ён не скасаваны ў судовым парадку, на чалавеку пажыццёва вісіць абавязак адбыць гэты тэрмін”, – камэнтуе Лойка.

Праваабаронцы разглядаюць прысуд Вользе Нікалайчык як незаконны і палітычна матываваны, які не павінен мець месца.

Нагадаем, 29 красавіка рэжысёрку Вольгу Нікалайчык затрымалі каля амбасады Расейскай Федэрацыі, калі яна і актывістка Кацярына Садоўская праводзілі пэрформанс супраць прыезду байкераў з клуба «Начныя ваўкі» ў Беларусь. 26 траўня жанчын абвінавацілі ў брыдкаслоўі і супраціве міліцыі, за што прысудзілі 13 дзён адміністрацыйнага арышту (Вользе Нікалайчык) і штраф амаль 11 млн рублёў (Кацярыне Садоўскай).