Вуглавая камера
З ліста ад 26.01.2023
“Наконт камер тут – іх пачалі мяняць пасля кожнага ШІЗА. Пасля апошняга спачатку трапіў у вуглавую камеру на паўпадвальным паверсе, дзе нават “паложанай” радыёкропкі не было, а з паловы столі дастаткова інтэнсіўна капала вада. Быў там крыху болей за суткі – калі са столі ўжо палілося, то дамогся пераводу з гэтай камеры. Зараз сяджу ў сухой. З трэцяга разу трапіў ?
[…], я зусім не спрабую скардзіцца табе, а проста па сваіх нудных звычках фіксую падзеі вакол сябе. У мяне самога ўсё гэта выклікае іранічную цікаўнасць, не болей. Тым больш, што ў свеце зараз столькі крыві і пакутаў, што ўсё гэта здаецца дробязным.
***
Зараз спрабуюць вярнуць назад частку ўцекачоў. Думаю, што гэта выклікана рэзкім змяньшэннем насельніцтва ў выніку смяротнасці ад ковіду і з-за эміграцыі. Магчыма, “пералік” рэзервістаў ваенкаматамі паказаў рэальную сумную карціну.
Але маю вялікі сумнеў, што жадаючых вярнуцца будзе шмат. Асабліва на тле апошняй “рэкламы”, калі жонак саджаюць з-за заяў пра невінаватасць мужоў.”
Мікалай Статкевіч, ПК №13 г. Глыбокае