Вячаслаў Сіўчык: Вулічныя акцыі дэманструюць, што ёсць сапраўдныя беларусы
Лозунгі Кастуся Каліноўскага актуальныя і сёння, і менавіта гэта нервуе ўладу.
Штогод на «Дзяды» невялікае мястэчка Свіслач на Гарадзеншчыне збірае сотні неабыякавых людзей у памяць братоў Віктара і Кастуся Каліноўскіх – тых, хто, падымаючы паўстанне супраць расейскай акупацыі, сваім дэвізам абраў словы «Люблю Беларусь!», паведамляе «Белсат».
Штогод улады, якія дагэтуль даглядаюць за помнікам Сталіну ў свіслацкім гарадскім парку, штрафуюць і садзяць за краты ўдзельнікаў памятнага мерапрыемства – тых, хто любіць Беларусь усім сэрцам. Летась за ўдзел у Свіслацкім фестывалі былі асуджаныя 18 чалавек. Першы пратакол за ўдзел у сёлетнім мерапрыемстве таксама ўжо складзены. Вайна з беларускасцю не спыняецца ні на дзень.
Грамадскі ды палітычны актывіст, Вячаслаў Сіўчык, мяркуе, што лозунгі Каліноўскага сугучныя з лозунгамі беларускай нацыі, і менавіта гэта нервуе ўладу, якая цісне на ўдзельнікаў гэтага памятнага мерапрыемства.
«На жаль, нам сёння зноў патрэбна воля, праўда, і каб урад быў для народа, а не народ для ўрада», – сказаў ён.
Таксама грамадскі палітычны актывіст мяркуе, што беларусы на сёння павінны праводзіць такія акцыі, як мага часцей. Палітычны грамадскі актывіст не пагадзіўся з меркаваннем аб тым, што на акцыі пратэсту ў Беларусі выходзіць вельмі мала людзей.
«Я не магу сказаць, што гэтыя акцыі не шматлюдныя. Пратаколы на ўдзельнікаў складаліся і раней і ў гэтым годзе будуць складзеныя. Вы ж разумееце, што людзі працуюць, што яны ў пэўнай ступені залежаць ад улады. На мой погляд, 100 чалавек у Свіслачы – гэта годная акцыя па колькасці. Яна паказала, што ёсць сапраўдныя беларусы, а значыць, будзе жыць Беларусь», – растлумачыў Вячаслаў Сіўчык.