Актуальна

Вячаслаў Сіўчык: «Адседжвацца не зьбіраюся» (+ відэа)

Цягніком Кіеў — Менск 15 верасьня ў Беларусь прыехаў вядомы грамадзка-палітычны актывіст, лідэр руху салідарнасьці «Разам» Вячаслаў Сіўчык.

Ён вярнуўся ў Менск пасьля пяці гадоў вымушанай эміграцыі ва Ўкраіне. Яго сустракалі родныя — жонка Ганна і матуля Галіна, сябры і паплечнікі: Павал Севярынец, Алесь Макаеў, Ніна Багінская і многія іншыя. Вячаслаў Сіўчык пакінуў Менск пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2010 году, гвалтоўнага разгону мітынгоўцаў на плошчы Незалежнасьці 19 сьнежня і далейшага перасьледу актывістаў.

На пэроне менскага чыгуначнага вакзалу, адказваючы на пытаньне Свабоды пра свае першыя ўражаньні, ён узгадаў менавіта тыя падзеі:

— На жаль, тых рэпрэсіяў наагул ніхто не прадбачыў. І, таксама на жаль, за той час, які я адсутнічаў, шмат людзей скончылі свой зямны шлях, у тым ліку тыя, якія распачыналі новую хвалю беларускага адраджэньня. Гэта Рыгор Барадулін, Генадзь Бураўкін — гэта людзі, які былі ў раённай радзе, калі гэта ўсё пачыналася, і ў руху салідарнасьці «Разам». Але галоўнае, што за гэты час засталося найважнейшае: засталася беларуская нацыя, якая ёсьць жывая, якая мае права на лепшую долю, чым пры сёньняшнім рэжыме. І я вельмі спадзяюся, што мы здолеем выканаць усе нашы праграмныя мэты.

Вячаслаў Сіўчык на вакзале ў Менску

Вячаслаў Сіўчык на вакзале ў Менску 

— Што сталася штуршком для вашага вяртаньня на радзіму менавіта цяпер?

— Я хацеў вярнуцца даўным-даўно. Але калі казаць пра маё цяперашняе вяртаньне, то я казаў пра гэта ў сваім відэазвароце яшчэ ў чэрвені, калі рух салідарнасьці «Разам» далучыўся да фармаваньня ініцыятыўнай групы Мікалая Статкевіча.

— Што думаеце пра цяперашніх кандыдатаў на прэзыдэнта і пра цяперашнія прэзыдэнцкія выбары?

— Нічога ня думаю. Бо, на жаль, беларуская нацыя пазбаўленая права выбіраць уладу. І гэта адбылося ня сёньня, а ў далёкім 1996 годзе, калі ў лістападзе Аляксандар Лукашэнка зьдзейсьніў антыканстытуцыйны пераварот. Рух салідарнасьці «Разам» гэтую кампанію заўсёды лічыў выбарчым фарсам, і мы расцэньваем яе як зьдзек з народу. Таму будзем дамагацца, каб беларуская нацыя мела права і магчымасьць выбіраць уладу.

Вячаслаў Сіўчык з сустракальнікамі 

Вячаслаў Сіўчык з сустракальнікамі

— Ці не асьцерагаецеся вы далейшага перасьледу і ці будзеце працягваць грамадзка-палітычную дзейнасьць?

— Я нічога ў сваім жыцьці зьмяняць не зьбіраюся і нідзе адседжвацца не зьбіраюся. А зьбіраюся жыць гэтак, як жыў пасьля таго, як стаў сябрам Сойму Беларускага Народнага Фронту, а гэта было амаль дваццаць пяць гадоў таму назад. Я бачу ўсе тыя выклікі, якія стаяць перад Беларусьсю, я цудоўна разумею, што тут адбываецца, і буду, наколькі магчыма, старацца мінімізаваць усе тыя кепскія наступствы, якія будуць гэтай восеньню.

— Чым будзеце займацца ўжо бліжэйшымі днямі?

— Хачу пабыць дома са сваімі роднымі, аднавіць сваю СІМку, сустрэцца са сваімі калегамі. І думаю, што ўжо 17 верасьня будзе першая акцыя салідарнасьці руху «Разам» з маім удзелам. Бо звычайна ў гэты дзень мы езьдзім у горад Бяроза Берасьцейскай вобласьці, дзе ў часы міжваеннай Польшчы знаходзіўся канцэнтрацыйны лягер.

Галіна Абакунчык, Радыё Свабода