Вядомы план акцыі “За мірную Беларусь!”
Акцыя пачнецца а 19-ай гадзіне на Кастрычніцкай плошчы Менска.
“Мы нагадаем, які лёс чакае агрэсараў на нашай зямлі, узгадаем пра беларускія традыцыі партызанскага супраціву”, – напісана на старонцы БНК. У інтэрв’ю для тэлеканала “Белсат” палітык Мікалай Статкевіч патлумачыў, чаму трэба выступаць супраць вайсковых вучэнняў “Захад-2017”:
– Па-першае, некалькі тысяч расейскіх вайскоўцаў на нашай зямлі. Магчыма, гэтыя вайскоўцы альбо частка іх застануцца потым у Беларусі. Па-другое, вучэнні, хоць нібыта яны ў адпаведнасці з нормамі АБСЕ, да 13 тысяч, але побач будуць праводзіцца другія вучэнні, асобныя, побач з беларускай мяжой. І там дзясяткі тысяч расейскіх салдат нібыта будуць вучыцца ля нашых межаў. Па-трэцяе, сам сцэнар гэтых вучэнняў. Яны агрэсіўна-наступальныя, скіраваныя супраць NATO.
Падчас акцыі супраць вайсковых вучэнняў «Захад-2017» плануецца прыняць рэзалюцыю. Пасля мітынгу на Кастрычніцкай удзельнікі пройдуць да плошчы Перамогі, дзе адбудзецца цырымонія ўскладання кветак. Пасля калона пойдзе на месца прыняцця Прысягі Свабоды. Арганізатары просяць прыходзіць з кветкамі і рэкамендуюць прыходзіць на акцыю з боку ГУМа.