Выбары 2015: паглядзіце ў люстэрка
Сам кандыдат, аўтар ідэі, растлумачыў яе прыкладна так — хай яны, іншыя, гавораць толькі пра сябе. А мы згадаем і іх, выкажам ім сваю павагу. Яны — людзі.
Усё ж буйны палітык. Ну быў ім прынамсі.
Прыгадалася гэтая даўняя гісторыя ў сувязі з рэакцыяй шаноўнай публікі на парад прэтэндэнтаў у кандыдаты, які ўсе мелі задавальненьне назіраць на мінулым тыдні. «Фрыкі», «цырк» — самыя мяккія вызначэньні, якія прагучалі і ў прэсе, і ў камэнтарах ў сацыяльных сетках. Журналіст Васіль Сямашка прынёс на рэгістрацыю свайго ката, выказваючы тое ж самае стаўленьне да гэтага дзейства. Не сказаць, што падобныя характарыстыкі зусім ужо пазбаўленыя падставаў, нароўні з паўтузінам прафэсійных палітыкаў дакумэнты на рэгістрацыю падалі людзі, ад палітыкі бясконца далёкія. Мяркуючы па іх прамовах, яны жывуць у нейкай іншай краіне.
Аднак сьцёб з нагоды бізнэсмэна сярэдняй рукі, жанчыны складанага лёсу і іншых пэрсонаў, якія асьмеліліся нават падумаць аб тым, што могуць прэтэндаваць на вышэйшую пасаду ў дзяржаве, ня вельмі дарэчны ня толькі з пункту гледжаньня таго падыходу, які ў свой час ўвасобіла ў сваёй ўлётцы каманда Пазьняка.
Але ён і непрадуктыўны ў тым сэнсе, што пазбаўляе магчымасьці паглядзець на гэта вылучэньне, як на своеасаблівы тэст, убачыць у ім люстэрка, у якім адбілася беларускае грамадзтва.
У сусьветнай сацыялёгіі гэты падыход практыкуецца ўжо вельмі даўно. Скажам, француз Эміль Дзюркгейм ў XIX стагодзьдзі вывучаў статыстыку самагубстваў у розных краінах і ў розныя пэрыяды часу і прыйшоў да дзіўных высноў. Хоць кожны канкрэтны выпадак самагубства выпадковы, узровень самагубстваў у грамадзтве зусім не выпадковы і служыць даволі дакладным індыкатарам яго бягучага маральнага стану, яго сацыяльнай згуртаванасьці.
Пратэстанты часьцей канчаюць сабой, чым каталікі, бо апошнія ў сваёй веры менш самотныя перад тварам Бога, падчас войнаў лік самагубстваў памяншаецца, таму што грамадзтва гуртуецца перад тварам зьнешняй небясьпекі і г. д.
А зараз вернемся да рэгістрацыі кандыдатаў на беларускіх прэзыдэнцкіх выбарах гэтага году. Як і ў згаданых даследаваньнях той ці іншы канкрэтны палітык мог вырашыць пайсьці на выбары, а мог і ўстрымацца ад гэтага. І ўжо тым больш чыстай выпадковасьцю было тое, што канкрэтнага чалавека, раней не які меў ніякага дачыненьня да палітыкі, раптам напаткала шалёная думка — а чаму б і мне не паспрабаваць?
Але канчатковы вынік атрымліваецца зусім не выпадковым. Ён — карціна беларускага грамадзтва, яго даволі дакладнае адлюстраваньне. Сьмешныя кандыдаты? Не, сьмешныя мы ўсе, адлюстраваныя ў люстэрку рэгістрацыі, без малога 10 мільёнаў.
Дарэчы, падспуднае адчуваньне гэтага выявілася ў жывой цікавасьці СМІ да арыгінальных самавылучэнцаў. Варта было зьявіцца новаму імя, як журналісты адразу накідваліся на прэтэндэнта, імкнучыся пабольш даведацца пра яго сьціплы лёс і на нечый погляд немудрагелістых поглядах. Чаму, адкуль гэты інтарэс?
Пра што менавіта? Тут варта прыгадаць статыстыку гэтай стадыі выбарчай кампаніі. На самай справе цяперашнія 14 прэтэндэнтаў — зусім не рэкорд па колькасьці.
У 2001 годзе на рэгістрацыю ініцыятыўных групаў падалі дакумэнты 27 (!) чалавек, у 2006 годзе — 8 чалавек, у 2010 годзе — 19 чалавек. З тых, хто падаў на рэгістрацыю сьпісы вельмі малалікіх групаў, няздольных у прынцыпе сабраць патрэбную колькасьць подпісаў, у 2001 годзе падалі 13 прэтэндэнтаў, у 2006 — 1 прэтэндэнт, у 2010 — 8 прэтэндэнтаў, у гэтым годзе — 6 прэтэндэнтаў.
Варта супаставіць гэтыя дадзеныя з тым, што 2006 год быў самы спрыяльны з усіх гадоў правядзеньня выбарчых кампаній у эканамічным сэнсе — краіна квітнела на нафтавай рэнце. Адпаведна і палітыкай на вышэйшым узроўні займаліся палітыкі. 2010 таксама быў ня самы горшы, але яшчэ не прайшоў шок ад крызісу 2009 году, ды і ліхаманкавая напампоўка пэнсіяў і заробкаў магла спараджаць вядомыя асьцярогі, якія і пацьвердзіліся ў 2011 годзе.
Іншымі словамі, з’яўленьне вялікай колькасьці прэтэндэнтаў- «фрыкаў», прэтэндэнтаў-«дзівакоў» — індыкатар эканамічнага самаадчуваньня грамадзтва: чым яно горш, тым доля такіх прэтэндэнтаў больш.
Ня ў словах, зразумела, справа, але гэта ня цырк — гэта беларускі карнавал, карнавал непаслушэнства, ня схільнага ў цэлым да бурнай весялосьці народа.
Яшчэ адзін цікаўны паказьнік — 4 жанчыны сярод 14 прэтэндэнтаў, пры гэтым з прэтэндэнтаў-«дзівакоў» палова — жанчыны. У 2001 годзе прэтэндэнтак на гэтым этапе кампаніі было дзьве, у 2006 — ніводнай, у 2010 — адна. З улікам таго, што ў 2001-м адна з двух была дачкой Машэрава, варта адзначыць, што менавіта 2015 стаў годам істотнага зруху ў грамадзкай сьвядомасьці ў дачыненьні да ідэі жанчыны-прэзыдэнта.
Партыі — гэта машыны для барацьбы за ўладу. Ужо наколькі сыстэма цяперашніх беларускіх выбараў дае такую магчымасьць — гэта асобнае пытаньне, але гэта па меншай меры легальная і грамадзка-прызнаная магчымасьць такую барацьбу хоць бы прадэманстраваць. Пераменаў жадаюць многія, але толькі нешматлікія хочуць, каб яны зьдзейсьніліся рэвалюцыйным шляхам. А неревалюцыйным — гэта ў першую чаргу выбары. Так што партыі ўдзельнічаць у іх у пэўным сэнсе абавязвае становішча.
Дарэчы, і ў дачыненьні да партыяў нават у яшчэ большай ступені, чым у дачыненьні да кандыдатаў-«дзівакоў», справядлівы апісаны вышэй сацыялягічны падыход. Над імі прынята кпіць ня толькі ў дзяржаўных, але і ў недзяржаўных СМІ.
Але, як казаў герой Гогаля, над кім сьмеяцеся — над сабой сьмеяцеся. Вось жыла была амаль чвэрць стагодзьдзя незалежная краіна і ўтварыліся ў ёй такія, ня іншыя партыі з такімі, а ня іншымі лідэрамі.
Выпадковасьць? Іх глупства і бездапаможнасьць? А хто перашкаджаў разумным і энэргічным? Праўда, на гэта можна запярэчыць, што згаданая краіна — ня Швайцарыя і нават ня Польшча, што некаторыя лідэры ў сілу розных, а часам і аднолькавых, абставінаў апынуліся за мяжой або ў месцах ня гэтак аддаленых.
Не без таго, вядома, але ці гэтак моцна іх аўтарытэт і папулярнасьць адрозьніваюцца ад папулярнасьці іх калегаў — удзельнікаў цяперашняй прэзыдэнцкай гонкі? Для іх прыхільнікаў — кардынальным чынам. А для астатніх?
Вы вось паслухайце, што вярзуць паважаныя прэтэндэнты Юры Радзькоў, Ірына Першына, Жанна Раманоўская, Андрэй Канавец, Аляксандр Юдаеў, Тамара Бірукова. З якога лесу яны выйшлі? А з таго «лесу», у якім жыве пераважная большасьць беларусаў. Якія наогул ня думаюць у палітычных катэгорыях, і пра палітыку ў тым ліку.
У 1990 годзе, падчас выбараў, якія я ўспомніў ў пачатку свайго блогу, грамадзтва было іншым. І выбары, адпаведна, іншыя. І Пазьняк, дарэчы, таксама.
А цяпер такія, якія ёсьць — і выбары, і час. Паглядзіце ў гэта люстэрка. Адлюстраваньне нічога не нагадвае?