Выбары 2015: паглядзіце ў люстэрка

У дні рэвалюцыйнага юнацтва аўтару гэтых радкоў давялося быць даверанай асобай на выбарах у Вярхоўны Савет Беларусі Зянона Пазьняка. Ішло па акрузе чалавек пяць — лекар, настаўніца, вайсковец, здаецца. Усе яны выпусьцілі нейкія ўлёткі і плякаты, маўляў, галасуйце за нас і будзе вам шчасьце. Наша ж каманда зрабіла ўлётку прыкладна такога зьместу: паважаныя выбарнікі, па вашай акрузе ідуць наступныя кандыдаты — і сьпіс у альфабэтным парадку. Мы заклікаем вас галасаваць за нашага кандыдата — Зянона Пазьняка.

Сам кандыдат, аўтар ідэі, растлумачыў яе прыкладна так — хай яны, іншыя, гавораць толькі пра сябе. А мы згадаем і іх, выкажам ім сваю павагу. Яны — людзі.

Усё ж буйны палітык. Ну быў ім прынамсі.

Прыгадалася гэтая даўняя гісторыя ў сувязі з рэакцыяй шаноўнай публікі на парад прэтэндэнтаў у кандыдаты, які ўсе мелі задавальненьне назіраць на мінулым тыдні. «Фрыкі», «цырк» — самыя мяккія вызначэньні, якія прагучалі і ў прэсе, і ў камэнтарах ў сацыяльных сетках. Журналіст Васіль Сямашка прынёс на рэгістрацыю свайго ката, выказваючы тое ж самае стаўленьне да гэтага дзейства. Не сказаць, што падобныя характарыстыкі зусім ужо пазбаўленыя падставаў, нароўні з паўтузінам прафэсійных палітыкаў дакумэнты на рэгістрацыю падалі людзі, ад палітыкі бясконца далёкія. Мяркуючы па іх прамовах, яны жывуць у нейкай іншай краіне.

Аднак сьцёб з нагоды бізнэсмэна сярэдняй рукі, жанчыны складанага лёсу і іншых пэрсонаў, якія асьмеліліся нават падумаць аб тым, што могуць прэтэндаваць на вышэйшую пасаду ў дзяржаве, ня вельмі дарэчны ня толькі з пункту гледжаньня таго падыходу, які ў свой час ўвасобіла ў сваёй ўлётцы каманда Пазьняка.

Але ён і непрадуктыўны ў тым сэнсе, што пазбаўляе магчымасьці паглядзець на гэта вылучэньне, як на своеасаблівы тэст, убачыць у ім люстэрка, у якім адбілася беларускае грамадзтва.

У сусьветнай сацыялёгіі гэты падыход практыкуецца ўжо вельмі даўно. Скажам, француз Эміль Дзюркгейм ў XIX стагодзьдзі вывучаў статыстыку самагубстваў у розных краінах і ў розныя пэрыяды часу і прыйшоў да дзіўных высноў. Хоць кожны канкрэтны выпадак самагубства выпадковы, узровень самагубстваў у грамадзтве зусім не выпадковы і служыць даволі дакладным індыкатарам яго бягучага маральнага стану, яго сацыяльнай згуртаванасьці.

Пратэстанты часьцей канчаюць сабой, чым каталікі, бо апошнія ў сваёй веры менш самотныя перад тварам Бога, падчас войнаў лік самагубстваў памяншаецца, таму што грамадзтва гуртуецца перад тварам зьнешняй небясьпекі і г. д.

А зараз вернемся да рэгістрацыі кандыдатаў на беларускіх прэзыдэнцкіх выбарах гэтага году. Як і ў згаданых даследаваньнях той ці іншы канкрэтны палітык мог вырашыць пайсьці на выбары, а мог і ўстрымацца ад гэтага. І ўжо тым больш чыстай выпадковасьцю было тое, што канкрэтнага чалавека, раней не які меў ніякага дачыненьня да палітыкі, раптам напаткала шалёная думка — а чаму б і мне не паспрабаваць?

Але канчатковы вынік атрымліваецца зусім не выпадковым. Ён — карціна беларускага грамадзтва, яго даволі дакладнае адлюстраваньне. Сьмешныя кандыдаты? Не, сьмешныя мы ўсе, адлюстраваныя ў люстэрку рэгістрацыі, без малога 10 мільёнаў.

Дарэчы, падспуднае адчуваньне гэтага выявілася ў жывой цікавасьці СМІ да арыгінальных самавылучэнцаў. Варта было зьявіцца новаму імя, як журналісты адразу накідваліся на прэтэндэнта, імкнучыся пабольш даведацца пра яго сьціплы лёс і на нечый погляд немудрагелістых поглядах. Чаму, адкуль гэты інтарэс?

Наіўна думаць, што гіерархію тэмаў СМІ вызначаюць самі журналісты. Не, яны, вядома, але ня больш, чым бабка, якая прадае на Камароўцы бульбу, вызначае цану на свой тавар. Журналісты рэагуюць на грамадзкі запыт, дакладней, на тое, як яны яго сабе ўяўляюць. У дадзеным выпадку — даволі аднастайна: гэта цікава, гэта трэба рабіць. А адкуль такая цікавасьць? А менавіта адтуль — з разуменьня, што менавіта гэтыя людзі — люстэрка, што яны сьведчаць пра нешта пра нас усіх.

Пра што менавіта? Тут варта прыгадаць статыстыку гэтай стадыі выбарчай кампаніі. На самай справе цяперашнія 14 прэтэндэнтаў — зусім не рэкорд па колькасьці.

У 2001 годзе на рэгістрацыю ініцыятыўных групаў падалі дакумэнты 27 (!) чалавек, у 2006 годзе — 8 чалавек, у 2010 годзе — 19 чалавек. З тых, хто падаў на рэгістрацыю сьпісы вельмі малалікіх групаў, няздольных у прынцыпе сабраць патрэбную колькасьць подпісаў, у 2001 годзе падалі 13 прэтэндэнтаў, у 2006 — 1 прэтэндэнт, у 2010 — 8 прэтэндэнтаў, у гэтым годзе — 6 прэтэндэнтаў.

Варта супаставіць гэтыя дадзеныя з тым, што 2006 год быў самы спрыяльны з усіх гадоў правядзеньня выбарчых кампаній у эканамічным сэнсе — краіна квітнела на нафтавай рэнце. Адпаведна і палітыкай на вышэйшым узроўні займаліся палітыкі. 2010 таксама быў ня самы горшы, але яшчэ не прайшоў шок ад крызісу 2009 году, ды і ліхаманкавая напампоўка пэнсіяў і заробкаў магла спараджаць вядомыя асьцярогі, якія і пацьвердзіліся ў 2011 годзе.

Іншымі словамі, з’яўленьне вялікай колькасьці прэтэндэнтаў- «фрыкаў», прэтэндэнтаў-«дзівакоў» — індыкатар эканамічнага самаадчуваньня грамадзтва: чым яно горш, тым доля такіх прэтэндэнтаў больш.

Ня ў словах, зразумела, справа, але гэта ня цырк — гэта беларускі карнавал, карнавал непаслушэнства, ня схільнага ў цэлым да бурнай весялосьці народа.

Яшчэ адзін цікаўны паказьнік — 4 жанчыны сярод 14 прэтэндэнтаў, пры гэтым з прэтэндэнтаў-«дзівакоў» палова — жанчыны. У 2001 годзе прэтэндэнтак на гэтым этапе кампаніі было дзьве, у 2006 — ніводнай, у 2010 — адна. З улікам таго, што ў 2001-м адна з двух была дачкой Машэрава, варта адзначыць, што менавіта 2015 стаў годам істотнага зруху ў грамадзкай сьвядомасьці ў дачыненьні да ідэі жанчыны-прэзыдэнта.

Таксама да асаблівасьцяў цяперашняга вылучэньня варта аднесьці высокую долю чыста партыйных прэтэндэнтаў і адсутнасьць сярод прэтэндэнтаў статусных людзей сыстэмы — буйных бізнэсоўцаў, дырэктараў прадпрыемстваў, былых чыноўнікаў высокага рангу. Вопыт мінулых выбарчых кампаніяў паказаў, што прадстаўнікі гэтых сацыяльных групаў рызыкуюць вельмі шмат чым, увязаўшыся ў гэтую гульню нават неўзапраўду. А высунуліся тыя, каму ў пэўным сэнсе няма чаго губляць. Ужо ці яшчэ. Што робіць аналёгію з дасьледаваньнямі пра самагубствы, якія я згадваў, асабліва зьмястоўнай.

Партыі — гэта машыны для барацьбы за ўладу. Ужо наколькі сыстэма цяперашніх беларускіх выбараў дае такую магчымасьць — гэта асобнае пытаньне, але гэта па меншай меры легальная і грамадзка-прызнаная магчымасьць такую барацьбу хоць бы прадэманстраваць. Пераменаў жадаюць многія, але толькі нешматлікія хочуць, каб яны зьдзейсьніліся рэвалюцыйным шляхам. А неревалюцыйным — гэта ў першую чаргу выбары. Так што партыі ўдзельнічаць у іх у пэўным сэнсе абавязвае становішча.

Дарэчы, і ў дачыненьні да партыяў нават у яшчэ большай ступені, чым у дачыненьні да кандыдатаў-«дзівакоў», справядлівы апісаны вышэй сацыялягічны падыход. Над імі прынята кпіць ня толькі ў дзяржаўных, але і ў недзяржаўных СМІ.

Але, як казаў герой Гогаля, над кім сьмеяцеся — над сабой сьмеяцеся. Вось жыла была амаль чвэрць стагодзьдзя незалежная краіна і ўтварыліся ў ёй такія, ня іншыя партыі з такімі, а ня іншымі лідэрамі.

Выпадковасьць? Іх глупства і бездапаможнасьць? А хто перашкаджаў разумным і энэргічным? Праўда, на гэта можна запярэчыць, што згаданая краіна — ня Швайцарыя і нават ня Польшча, што некаторыя лідэры ў сілу розных, а часам і аднолькавых, абставінаў апынуліся за мяжой або ў месцах ня гэтак аддаленых.

Не без таго, вядома, але ці гэтак моцна іх аўтарытэт і папулярнасьць адрозьніваюцца ад папулярнасьці іх калегаў — удзельнікаў цяперашняй прэзыдэнцкай гонкі? Для іх прыхільнікаў — кардынальным чынам. А для астатніх?

Вы вось паслухайце, што вярзуць паважаныя прэтэндэнты Юры Радзькоў, Ірына Першына, Жанна Раманоўская, Андрэй Канавец, Аляксандр Юдаеў, Тамара Бірукова. З якога лесу яны выйшлі? А з таго «лесу», у якім жыве пераважная большасьць беларусаў. Якія наогул ня думаюць у палітычных катэгорыях, і пра палітыку ў тым ліку.

У 1990 годзе, падчас выбараў, якія я ўспомніў ў пачатку свайго блогу, грамадзтва было іншым. І выбары, адпаведна, іншыя. І Пазьняк, дарэчы, таксама.

А цяпер такія, якія ёсьць — і выбары, і час. Паглядзіце ў гэта люстэрка. Адлюстраваньне нічога не нагадвае?

Юры Дракахруст, перадрук з парталу TUT.BY