Выбары

Вылучэньне Мікалая Статкевіча адзіным кандыдатам магло б стаць часткай стратэгіі страйку, — Уладзімер Мацкевіч

Вылучэньне палітвязьня Мікалая Статкевіча адзіным кандыдатам ад апазыцыі дазволіць дэмсілам прадэманстраваць сваю еднасьць, а таксама паспрыяе аднаўленьню хвалі цікавасьці да праблемы палітвязьняў.

Такое меркаваньне ў інтэрвію Радыё Свабода выказаў старшыня рады Міжнароднага кансорцыюму «ЭўраБеларусь» Уладзімер Мацкевіч.

Ідэя вылучыць адзіным кандыдатам ад апазыцыі Статкевіча зьявілася некалькі месяцаў таму. У прыватнасьці, з такой прапановай выступаў кіраўнік кампаніі «Гавары праўду» Ўладзімер Някляеў. Не выключаюць такога варыянту і шэраг іншых апазыцыйных палітыкаў. У мінулую суботу жонка Статкевіча Марына Адамовіч паведаміла Радыё Свабода, што сам палітвязень згодзен на вылучэньне, калі такое пагадненьне сярод дэмсілаў будзе дасягнутае.

Уладзімер Мацкевіч падкрэсьлівае, што асабіста ён заўсёды выказваўся за тое, каб ня ўдзельнічаць у выбарах.

«Адзіная саступка ў гэтай маёй прынцыповай пазыцыі тычылася менавіта вылучэньня Статкевіча адзіным кандыдатам. Адзіным у пэўным сэнсе гэтага слова, каб не было ніякіх іншых апазыцыйных кандыдатаў. Гэтая ідэя мае дзьве акалічнасьці. Па-першае, тым самым апазыцыя магла б прадэманстраваць сваю еднасьць, хай сабе і ня вельмі моцную. Па-другое, гэта магло б паспрыяць аднаўленьню хвалі цікавасьці да палітвязьняў і, можа, паспрыяць іх вызваленьню. Што тычыцца саміх выбараў, то я па-ранейшаму лічу, што ўдзельнічаць у іх ня трэба. Я разумею, што ніякага байкоту пры сёньняшніх магчымасьцях апазыцыя арганізаваць ня здольная, але гэта павінен быць не байкот, а, скажам так, страйк патэнцыйных кандыдатаў», — адзначае Мацкевіч.

Зыходзячы з гэтай пазыцыі, самавылучэньне ці вылучэньне апазыцыйных палітыкаў кандыдатамі на гэтыя выбары ў пэўным сэнсе можна лічыць «штрэйкбрэхерствам». Але вылучэньне Статкевіча, які апрыёры ня мае магчымасьці ўдзельнічаць у выбарчых кампаніях, дазволіць рэалізаваць стратэгію страйку.

«Страйк дасьць магчымасьць абмяркоўваць нашу палітычную сытуацыю зь людзьмі на іншых падставах. Бо калі ідзе размова пра тое, што ніякіх выбараў у краіне няма, а мы ў гэтым фарсе ўдзельнічаем, то тут атрымліваецца непасьлядоўная пазыцыя. І да кандыдатаў, якія ідуць на выбары, кажучы, што выбараў няма, адпаведнае стаўленьне. Таму страйк гэты патрэбен для катэгарычнай заявы, каб данесьці гораду і сьвету, што сапраўды гэта ня выбары, а маніпуляцыя ўладаў грамадзкай сьвядомасьцю. І калі мы так да гэтага ставімся, то так трэба ня толькі гаварыць, але і дзейнічаць у адпаведнасьці з гэтай пазыцыяй», — кажа Мацкевіч.

Радыё Свабода