Вынік такой вайны прадвызначаны
23.03.2022
«Ад падзей ва Украіне шмат што будзе залежаць для будучыні і Беларусі, і Еўропы. Ды і ўсяго свету.
Патрабаванні Масквы робяцца ўсё больш сціплымі. Гэта зразумела: ад пачатку яе агрэсія не мела ніякіх прававых і маральных апраўданняў. Самі анексіяй Крыма і Усходняга Данбаса штурхнулі Украіну шукаць абароны ў NATO, а потым скарысталі гэта як нагоду для нападу. Чыстае «права сілы». Ну а зараз Захад будзе разбураць эканоміку Расіі. Калі ж вайна і жахлівыя забойствы мірных людзей працягнуцца, то можа дайсці і да эканамічнай вайны.
Вынік такой вайны прадвызначаны. Эканоміка РФ складае два з нечым працэнты ад сусветнай. Ну і яшчэ плюс нашы 0,15 працэнта. Эканоміка ж калектыўнага Захаду (разам з Японіяй, Канадай, Аўстраліяй) – каля паловы сусветнага ВУП. Безумоўна, на эканамічнай вайне фінансавыя страты нясуць абодва бакі канфлікту. Але, як кажуць у нас, пакуль тоўсты ссохне, худы здохне. Тым болей што эканоміка РФ цалкам залежная ад экспарту нафты і газу. Яго асноўны спажывец – ЕС. Калі там адмовяцца атрымліваць расійскі газ, то перакінуць вызваленыя аб’ёмы на іншыя рынкі будзе немагчыма. Бо для гэтага трэба будаваць газаправоды. Акрамя еўрапейскіх, яны яшчэ ёсць у Турцыю («Турэцкі паток») і Кітай («Сіла Сібіры»). Магчымыя аб’ёмы экспарту па іх, нават калі Турцыя не ўвядзе санкцыі па газе, яўна недастатковыя. Ды яшчэ […] рабіцца сыравінным дадаткам Кітая для РФ вельмі небяспечна. Бо Кітай мае працяглую мяжу з Расіяй і яўна чакае аслаблення (у тым ліку – дэмаграфічнага), каб далучыць тэрыторыі за мяжой.
Запамятаў – у РФ ёсць магутнасці па звадкаванні газу на Далёкім Усходзе, але невялікія. І яшчэ: расійскі газ – прыкладна 9 працэнтаў агульнага энергабалансу ЕС.
Ну, гэта ўсё разважанні. А пакуль вайна ідзе, пакутуюць і гінуць людзі. І гэтаму няма апраўдання».
Мікалай Статкевіч, Гомель, СІЗА №3
Паводле слоў спадарыні Марыны Адамовіч, лісты ад Мікалая ідуць няроўна, іншы раз – «пачкамі». І, канешне, апошнім часам Статкевіч, якога зараз утрымліваюць у СІЗА Гомеля, шмат разважае пра падзеі ва Украіне.