Яўген Васьковіч: Стала больш нулёў у цэнніках і злосці ў людзях

Былы палітвязень заўважыў рост коштаў, які адбыўся за час ягонага арышту.

– Кладуся позна, устаю рана, увесь дзень на нагах, нават з ног падаю. Але гэта прыемна, – кажа Яўген Васьковіч.

А яшчэ трэба стаць на прафілактычны нагляд у міліцыю. Асноўныя правілы яму ўжо патлумачылі.

– Умовы нагляду пакуль не складаныя, – кажа былы палітвязень. – Можна з\’язджаць і з горада і нават за мяжу. Толькі папярэджваць, калі плануеш адсутнічаць па хатнім адрасе больш за месяц. Будуць правяраць час ад часу. Нагляд намечаны на пяць гадоў, але могуць скараціць да двух з паловай.

У горадзе зніклі некаторыя крамы, у якія хадзіў раней, з\’явіліся іншыя. І, вядома, прыкметна, што нулёў у цэнах за гэты час стала больш. Заўважыў, што людзі сталі вельмі злымі і канфліктнымі.

Самымі прыемнымі ўспамінамі з часоў турмы былі стосы лістоў падтрымкі. Сукамернікі нават па-добраму зайздросцілі Яўгену Васьковічу.

– Жартавалі: «Трэба ад цябе хутчэй пазбаўляцца, а то нават жахліва, што ты ўвесь час нешта атрымліваеш, а нам не нясуць, – сказаў ён.

Кідаць сацыяльна-палітычную дзейнасць Яўген Васьковіч не збіраецца, і мяркуе, што ніхто з былых палітзняволеных не кіне. Але зрабіў для сябе пэўныя высновы, паўтараць памылак не збіраецца.

– Наша акцыя тады не прынесла шмат карысці, а прывяла толькі да адсідкі і прымусіла іншых людзей хвалявацца за нас. Мы тады не ўяўлялі сабой сілу, якая была здольная нешта змяніць. А на такую сілу ў рэжыма знойдзецца свая сіла, – сказаў ён.

Што б не было прычынай вызвалення – перадвыбарчыя гульні або жаданне атрымаць крэдыты, – Яўген усё роўна мяркуе добрым вынікам што людзі вызваліліся. Але дзякаваць «вызваліцелю» не збіраецца:

– Відавочна ж, што на гэтым яны гулялі ў сваю гульню, вызвалілі нас дзеля нейкіх сваіх плюсаў. Гэта ўсё роўна што дзякаваць футбалісту каманды спаборніка за тое, што ён забіў гол у тваю брамку.

Нагадаем, Яўген Васьковіч быў асуджаны разам з Арцёмам Пракапенкам і Паўлам Сырамолатавым. Яго прысудзілі да 7 гадоў зняволення паводле абвінавачання ў спробе падпалу дзвярэй бабруйскага аддзялення КДБ. Палітвязня часта кідалі ў карцэр. Пазней з калоніі ён быў пераведзены ў Магілёўскую турму як «злосны парушальнік рэжыму».