Яўгена Васьковіча 17 кастрычніка мусілі перавесьці з крытай турмы у калёнію
Пра тое, што Яўгена Васьковіча 17 кастрычніка перавядуць з крытай турмы ў калёнію, ён сам паведаміў маці праз тэлефон. Але ці адбылося гэта, Рушанія Васьковіч ня ведае, бо зьвестак ад сына не атрымлівала і ня спадзяецца атрымаць раней як праз 10 дзён.
«У панядзелак ці аўторак тэлефанаваў і сказаў, што на пятніцу плянавалі перавод. Але нічога не скажу больш дакладна, бо сама ня ведаю. Магчыма, ён у карантыне — а гэта як найменей 10 дзён.»
Палітвязьня Яўгена Васьковіча мусяць з крытай магілёўскай турмы перавесьці ў 15-ю калёнію, якая месьціцца ў тым жа Магілёве, але па іншым адрасе. Яўген Васьковіч адбыў у крытай турме тры гады з чатырох, якія знаходзіцца ў зьняволеньні. Усяго актывіст пакараны сямю гадамі за хуліганскія дзеяньні ў дачыненьні да будынку КДБ у Бабруйску. Васьковіч не прызнаў сябе вінаватым і адмовіўся падаваць прашэньне аб памілаваньні.