"Я не пазнаў у новым суседзе таго чалавека…"
Былы кандыдат на прэзыдэнта Мікалай Статкевіч адбывае 10 сутак карцэра ў асобнай адзіночнай камэры СІЗА.
Паводле зьвестак Марыны Адамовіч 28 чэрвеня, калі яе мужа пакаралі карцэрам, яго туды яшчэ не зьмясьцілі, бо не была вызвалена камера ў будынку СІЗА. Такім чынам, з якога дня дакладна Мікалай Статкевіч пачаў адбываць 10 дзён карцэру, яго жонка дагэтуль ня ведае. Марына Адамовіч працытавала ліст, які атрымала ад мужа напярэдадні. У лісьце згадвалася пра прапанову атрымаць памілаваньне, якую Статкевіч не прыняў.
«18.06 мне сказалі, што ёсьць магчымасьць папрасіць „памілаваньне“ без прызнаньня віны. Я адмовіўся і 20.06 у камэру пасадзілі чалавека, які назваўся прозьвішчам асуджанага, з якім я нядоўга бачыўся ў ПК- 17. Але я не пазнаў у новым суседзе таго чалавека. Расказаў яму, што за людзі ў нашай камэры. Ён стаў прасіцца ў іншую, але яго не выпускалі. Я распытаў яго і ён ўрэшце прызнаўся, што два месяцы сядзеў у камэры з хворым на СНІД.»
Паводле меркаваньняў, магчымы канфлікт з гэтым новым вязьням спрычыніўся да таго, што Міколу Статкевіча пакаралі карцэрам. Асноўная прычына пакараньня, як мяркуе Марына Адамовіч, гэта чарговая адмова Мікалая Статкевіча пісаць прашэньне аб памілаваньні.