“Я спрабавала перадаваць яму прывітанні праз радыё. Цяпер і яго адключаюць…”
Марына Адамовіч – пра ўмовы ўтрымання Міколы Статкевіча.
– Спадарыня Марына, зараз спадар Мікола знаходзіцца ў жорсткіх умовах у магілёўскай турме. Можаце ў некалькіх словах распавесьці, як выглядае гэты рэжым? Што можна, што нельга?
– У мяне вельмі абмежаваная інфармацыя аб тым, як гэта выглядае насамрэч. Строгі рэжым, калі казаць паводле заканадаўства… мабыць, толькі пажыццёвае зьняволенне выглядае горай ці камера сьмяротнікаў. Гэта кругласуткавае знаходжанне ў вельмі абмежаванай прасторы закрытай камеры, дзе нават неба не бачна, таму што маленечкае акенца, якое знаходзіцца наверсе, закрыта так званымі “павейкамі” (“ресничками”). Гэта металічныя пласьціны, якія знаходзяцца пад вуглом 45 градусаў і не дазваляюць ні пранікаць туды прамому сонечнаму сьвятлу, ні бачыць неба. Ёсьць гадзінная прагулка ў турэмным дворыку. Турэмны дворык у іх знаходзіцца на даху самога будынку і перакрыты не толькі кратамі, але яшчэ і густой сеткай. Праўда, Мікола аптымістычна кажа: “Але ж і праз іх бывае бачна неба!”. Іншы раз, калі яно толькі ранішняе, у якім небудзь куточку тых дзесяці ці васьмі квадратных метраў дворыка часам бывае сонейка. І ён кажа: “Я тады стараюся трымацца вось гэтага куточка, і мне якраз бачна сонца”.
Калі казаць пра ўсё астатняе – гэта поўная адсутнасць якіх бы то ні было камунікацый. Гэта мажлівасць аднаго кароткага спаткання ў год, прычым не больш чым з двума сваякамі. Гэта значыць, што, калі ў чалавека дастаткова вялікая сям’я (я не пра нашую сітуацыю кажу), то сваякі мусяць выбіраць, хто ў якім годзе пабачыць свайго блізкага. Наша сітуацыя крыху лягчэйшая, бо ў краіне ў Міколы толькі два блізкія сваякі — ягоны бацька і я. Мы сваю адзіную мажлівасць пабачыцца ў гэтым годзе ўжо скарысталі 1-га чэрвеня.
Таксама рэжым Міколы — гэта адсутнасць якіх бы то ні было прадуктовых перадач і пасылак. Мікола мае права толькі на адну бандэроль у год. Бандэроль – вагой да двух кілаграмаў… таго, што ты ў гэтыя два кілаграмы можаш умясьціць. Тут выбіраеш літаральна па адным арэшку, каб тыя два кілаграмы не пераўзысці. Арэшак адкінуў, кавалачак курагі закінуў — так вось гэтая бандэроль зьбіраецца пакутліва.
У турме я часам бачу аб’явы ў пакоі для перадач, што ў каго былі там телевізары, лядоўні, карацей кажучы – нейкія электрычныя прыборы, то пасьля вызвалення гэта можна забраць. То бок, у людзей на звычайным рэжыме ўсё гэта таксама можа быць. У Міколы ў камеры ёсць толькі радыёкропка, якая закратавана, чамусьці да яе таксама дабрацца нельга. Але нават гэтую цудоўную радыёкропку я паспрабавала скарыстаць для таго, каб проста перадаваць яму прывітанні. Як толькі яны (наглядчыкі) гэта “прасеклі”, яны пачалі радыё падчас гэтай перадачы адключаць. Я пра гэта даведалася літаральна на мінулым тыдні.
Гэта ўсё, што ў яго ёсць на сёння. Застаюцца толькі лісты. І — вельмі рэдкія, і я б сказала, негарантаваныя тэлефанаванні. Хаця ў Папраўчым кодэксе мажлівасць тэлефанаванняў прапісана, але сама працэдура даволі нявызначаная. Ён мае гэта права, але як часта яно можа быць рэалізавана? Праўда, апошнія месяцы раз на месяц патэлефанаваць яму даюць. Па 15 вілін адзін раз на месяц. Гэтага не было вельмі даўно — са жніўня мінулага года да красавіка гэтага. І цяпер гэта ўжо за нейкае шчасьце – пачуць голас раз на месяц. Баішся адключыць тэлефон, баішся быць па-за краінай, таму што ніколі не ведаеш, калі гэта можа здарыцца.
– А доўгатэрміновых спатканняў зусім няма?
– Не, толькі адно кароткатэрміновае. У дадзеных канкрэтных умовах — да двух гадзін. Праз двайное шкло, паміж шклом яшчэ ёсць краты, з тэлефоннай трубкай, праз якую нічога не чуваць, і ў цеснай каморы, падзеленай чатырма фанернымі пераборкамі. Гэта значыць, што крычаць адначасова восем чалавек.
Вось і ўсё, на што ён мае права…