Ягораў: У справе палітвязняў можа быць пэўны гандаль паміж Еўразвязам і Беларуссю (+ відэа)

На фоне расейскай агрэсіі кіраўнік Беларусі выглядае не найгоршым варыянтам сярод постсавецкіх дыктатараў. Праз гэта зразумелая пэўная адліга ў дачыненнях Лукашэнкі з Еўропай. Аднак ягоны ўдзел у травеньскім саміце «Усходняга партнёрства» – інтэграцыйным праекце Еўразвязу – усё ж застаецца інтрыгаю.

Паводле дыпламатаў Еўразвязу, Еўропа будзе спрабаваць навязаць Лукашэнку дэмакратычныя рэформы ды патрабаваць вызвалення палітвязняў.

Палітолаг Андрэй Ягораў мяркуе, што пытанне палітвязняў не можа быць знятае з парадку дня, бо гэта было падставай для ўвядзення санкцыяў супраць уладаў Беларусі. «Адмена санкцыяў залежыць ад наяўнасці палітычных вязняў. І тут можа быць пэўны гандаль паміж Еўразвязам і Беларуссю наконт прызнання канкрэтнай колькасці палітвязняў у Беларусі ці наконт умоваў ды хуткасці іхнага вызвалення. Тым не менш гэтае пытанне нікуды не падзенецца, то бок мусіць быць развязанае», – заўважыў адмысловец.

На ягоную думку, паездка Лукашэнкі на саміт «Усходняга партнёрства» можа быць звязанае з патрабаваннем, каб улады Беларусі выпусцілі палітычных вязняў. Прадстаўнікі Еўразвязу дэкларавалі, што могуць запрасіць Лукашэнку і не супраць ягонай прысутнасці, але нефармальна камунікуюць пра вызваленне палітзняволеных, мяркуе спадар Ягораў.

«Пытанне дэмакратычных рэформаў – цалкам іншае, звязанае з асноўнымі прынцыпамі, на якіх будуецца палітыка ўзаемадзеяння Еўрапейскага Звязу з краінамі «Усходняга партнёрства» і ўвогуле са сваймі суседзямі», – заўважыў палітолаг.

Паводле яго, умовы, якія ставіць Еўразвяз у супрацы з некім, не могуць таксама знікнуць з парадку дня, але ў залежнасці ад галінаў узаемадзеяння могуць быць больш альбо менш жорсткімі. «У сэнсе таго, як гэтую сітуацыю разумее Еўрапейскі Звяз, немагчыма дасягнуць глыбокай інтэграцыі і эканамічнай кааперацыі, калі не існуе незалежнай юстыцыі і незалежнай судовай сістэмы, нармальнага функцыянавання права ў краіне, бо гэта гарантуе бяспеку інвестыцыяў, якія можа даць Еўразвяз, дазваляе бачыць антыкарупцыйныя расследаванні і гэтак далей», – падсумаваў палітолаг.

belsat.eu