Актуальна

Як беларусам захаваць свае грошы пасля «выбараў»

Што нас чакае пасля маючай адбыцца кампаніі і як падстрахавацца, каб не апынуцца ля разбітага карыта — практычныя парады эканамістаў і прагнозы на будучыню.

Спрабуючы захаваць свае ашчаджанні, беларусы ўжо заварушыліся. Між іншым, пачалі пераводзіць рублёвыя ўклады ў валютныя. Ці апраўданыя гэтыя крокі і як падстрахавацца ў выпадку неспрыяльнага развіцця падзей «Салідарнасці» распавялі эканамісты.

«Захоўвайце ашчаджанні ў далярах»

Такую параду даў старэйшы аналітык кампаніі «Альпары» Вадзім Іосуб.

— Самы надзейны спосаб захавання грошай — гэта захоўванне іх у замежнай валюце, прычым менавіта ў далярах ЗША. Даляр цяпер больш стабільны, чым еўра і тым больш — чым расейскі рубель, — распавёў экспэрт. — Тут ёсць два варыянты. Захоўваць даляр, што называецца пад падушкай, а калі страшна, то ў банкаўскай ячэйцы. Або валютны дэпазіт, які можа прыносіць 5-5,5% гадавых.

Са слоў экспэрта, ёсць пэўная катэгорыя людзей, якія асцерагаюцца захоўваць валюту ў банках праз страх магчымай прымусовай канвертацыі укладаў або іх канфіскацыі.

— Хоць за ўсю гісторыю існавання незалежнай Беларусі, колькі б мы ні адчувалі вострых валютных крызісаў, падобных захадаў не было, — падкрэсліў суразмоўца.

Калі казаць пра спробы прымножыць назапашванні, то тут экспэрт раіць памятаць пра элемент рызыкі:

— Ёсць такі інструмент, як доўгатэрміновы рублёвы дэпазіт. Ён прыносіць прыбытак парадку 30% гадавых. Калі чалавек верыць, што да канца года інфляцыя і дэвальвацыя не перавысіць 30%, то можна паспрабаваць зарабіць, — распавёў Вадзім Іосуб. — На маю суб\’ектыўную думку наўрад ці за год дэвальвацыя перавысіць 30%, з майго пункту гледжання, выгадней захоўваць ашчаджанні на рублёвых дэпазітах. Але 100%-й гарантыі падобнага развіцця падзей я даць не гатовы.

«Беларусы вельмі стаміліся»

Задачу ў захаванні сваіх зберажэнняў беларусы як раз і вырашаюць пераводам рублёвых укладаў у валютныя, мяркуе кандыдат эканамічных навук Леанід Злотнікаў:

— Выгаднасць рублёвых укладаў у параўнанні з валютнымі вельмі невялікая. І калі курс даляра вырасце яшчэ на 300-400 рублёў, то валютныя ўклады будуць адназначна даваць большы прыбытак, чым рублёвыя.

Важным фактарам, які ўплывае на паводзіны ўкладчыкаў, з\’яўляецца рызыка, падкрэсліў эканаміст:

— Калі будзе высокая рызыка таго, што сітуацыя ў эканоміцы будзе пагаршацца, даляр будзе расці, то выгаднасць захоўвання ў беларускіх рублях наогул знікне.

Экспэрт мяркуе, што беларусы робяць правільна, ратуючы свае ашчаджанні пераводам іх у валюту.

— Людзі вельмі стаміліся. Не відаць, з якой нагоды сітуацыя ў эканоміцы можа выправіцца. МВФ крэдыт не даў — прыязджалі, паглядзелі, што ніякіх рэформаў мы не праводзім. У мінулы раз мы таксама іх падвялі: абяцалі рэформы, рынак. Крэдыты атрымалі, праелі, вярнулі, але эканоміка так і засталася не рэфармаванай. На гэты раз яны кажуць: «Давайце раніцай грошы, а вечарам крэслы».

На думку Леаніда Злотнікава, валютныя дэпазіты не з\’яўляюцца самым аптымальным варыянтам, але ў сітуацыі, якая склалася замежная валюта выглядае больш надзейнай, чым нацыянальная.