Як беларусам захаваць свае грошы пасля «выбараў»
Што нас чакае пасля маючай адбыцца кампаніі і як падстрахавацца, каб не апынуцца ля разбітага карыта – практычныя парады эканамістаў і прагнозы на будучыню.
Спрабуючы захаваць свае ашчаджанні, беларусы ўжо заварушыліся. Між іншым, пачалі пераводзіць рублёвыя ўклады ў валютныя. Ці апраўданыя гэтыя крокі і як падстрахавацца ў выпадку неспрыяльнага развіцця падзей «Салідарнасці» распавялі эканамісты.
«Захоўвайце ашчаджанні ў далярах»
Такую параду даў старэйшы аналітык кампаніі «Альпары» Вадзім Іосуб.
– Самы надзейны спосаб захавання грошай – гэта захоўванне іх у замежнай валюце, прычым менавіта ў далярах ЗША. Даляр цяпер больш стабільны, чым еўра і тым больш – чым расейскі рубель, – распавёў экспэрт. – Тут ёсць два варыянты. Захоўваць даляр, што называецца пад падушкай, а калі страшна, то ў банкаўскай ячэйцы. Або валютны дэпазіт, які можа прыносіць 5-5,5% гадавых.
Са слоў экспэрта, ёсць пэўная катэгорыя людзей, якія асцерагаюцца захоўваць валюту ў банках праз страх магчымай прымусовай канвертацыі укладаў або іх канфіскацыі.
– Хоць за ўсю гісторыю існавання незалежнай Беларусі, колькі б мы ні адчувалі вострых валютных крызісаў, падобных захадаў не было, – падкрэсліў суразмоўца.
Калі казаць пра спробы прымножыць назапашванні, то тут экспэрт раіць памятаць пра элемент рызыкі:
– Ёсць такі інструмент, як доўгатэрміновы рублёвы дэпазіт. Ён прыносіць прыбытак парадку 30% гадавых. Калі чалавек верыць, што да канца года інфляцыя і дэвальвацыя не перавысіць 30%, то можна паспрабаваць зарабіць, – распавёў Вадзім Іосуб. – На маю суб\’ектыўную думку наўрад ці за год дэвальвацыя перавысіць 30%, з майго пункту гледжання, выгадней захоўваць ашчаджанні на рублёвых дэпазітах. Але 100%-й гарантыі падобнага развіцця падзей я даць не гатовы.
«Беларусы вельмі стаміліся»
Задачу ў захаванні сваіх зберажэнняў беларусы як раз і вырашаюць пераводам рублёвых укладаў у валютныя, мяркуе кандыдат эканамічных навук Леанід Злотнікаў:
– Выгаднасць рублёвых укладаў у параўнанні з валютнымі вельмі невялікая. І калі курс даляра вырасце яшчэ на 300-400 рублёў, то валютныя ўклады будуць адназначна даваць большы прыбытак, чым рублёвыя.
Важным фактарам, які ўплывае на паводзіны ўкладчыкаў, з\’яўляецца рызыка, падкрэсліў эканаміст:
– Калі будзе высокая рызыка таго, што сітуацыя ў эканоміцы будзе пагаршацца, даляр будзе расці, то выгаднасць захоўвання ў беларускіх рублях наогул знікне.
Экспэрт мяркуе, што беларусы робяць правільна, ратуючы свае ашчаджанні пераводам іх у валюту.
– Людзі вельмі стаміліся. Не відаць, з якой нагоды сітуацыя ў эканоміцы можа выправіцца. МВФ крэдыт не даў – прыязджалі, паглядзелі, што ніякіх рэформаў мы не праводзім. У мінулы раз мы таксама іх падвялі: абяцалі рэформы, рынак. Крэдыты атрымалі, праелі, вярнулі, але эканоміка так і засталася не рэфармаванай. На гэты раз яны кажуць: «Давайце раніцай грошы, а вечарам крэслы».
На думку Леаніда Злотнікава, валютныя дэпазіты не з\’яўляюцца самым аптымальным варыянтам, але ў сітуацыі, якая склалася замежная валюта выглядае больш надзейнай, чым нацыянальная.