«Як Сашу маглі згубіць на пяць дзён у войску?»
Прапаршчык і сяржант вайсковай часткі, дзе загінуў Аляксандр Коржыч, затрыманыя.
Следчыя і аператыўнікі, якія вядуць справу аб смерці ў вайсковай частцы Аляксандра Коржыча, цяпер працуюць у Пінску.
У чацвер на сустрэчы з імі былі родныя і блізкія загінулага жаўнера. У сераду дапытвалі сябры Аляксандра.
Адзін з блізкіх сяброў Аляксандра Коржыча Ілля паведаміў «Радыё Свабода», што ўжо даваў сведчанні паводле гэтай справы: «Я амаль не размаўляў са следчымі, гэта быў усяго толькі фармальны допыт і ўсё. Я сказаў, што Саша распавядаў досыць мала аб катаваннях і збіваннях у войску. Магу толькі адзначыць, што прапаршчык Ягор С., у якога апынулася картка Сашы і які ёю карыстаўся, а таксама сяржант Яўген Б. цяпер затрыманыя ў Барысаве і знаходзіцца на гаўптвахце».
Аляксандр Коржыч праходзіў службу ў вайсковай частцы № 43064. Да яго досыць часта прыязджалі блізкія сябры, сярод якіх і жыхар Пінска Дзмітрый Козак:
«Дзесьці прыкладна праз два тыдні, калі Аляксандр пайшоў у войска, ён пачаў скардзіцца, што складана звыкаць. Наракаў, што не можа нармальна выспацца, што ежа досыць дрэнная і яе не стае. Хоць першы час казаў, што ў яго ўсё ў парадку. А вось калі мы прыехалі да Сашы, 16 ліпеня, то яго банкаўская картка ўжо была ў прапаршчыка Ягора С. І вось ужо тады Саша прасіў нас раздрукаваць і прывезці яму ўсе аперацыі з карткай. Мы прывезлі паперы, было ўжо зразумела, што ёю актыўна карыстаюцца, яна «ходзіць» ці ледзь не па ўсёй краіне».
У версію пра самагубства сябар Аляксандра Коржыча Дзмітрый Казак не верыць:
«Паглядзіце, яго выпісалі 26 верасня, і яго ніхто не шукаў. Пяць дзён Аляксандра проста нідзе не было, скажыце, як гэта магчыма ў нашым сённяшнім войску? Я служыў і ведаю, што кожнага чалавека падчас вечаровай праверкі лічыць. Калі кагосьці не будзе хтосьці затрымаецца хоць на паўгадзіны, гэта будзе для часткі надзвычайнае здарэнне. Адразу ж пачынаюцца пошукі, паведамляюць бацькам, што жаўнера няма. Камандзіры тэлефануюць усім, каму магчыма, і спрабуюць даведацца, куды зніклы можа накіравацца. А тут Сашы не было пяць дзён. Гэта проста немагчыма».
Тым часам органы пракуратуры праводзяць праверку ў парадку нагляду ў сувязі са смерцю вайскоўца тэрміновай службы ў 72-м Аб\’яднаным навучальным цэнтры Узброеных сіл Беларусі.
Высвятляюцца прычыны і ўмовы, якія спрыялі загубе вайскоўца. У праверцы ўдзельнічаюць прадстаўнікі генеральнай пракуратуры і пракуратуры Менскай вобласці.
21-гадовы ўраджэнец Пінска Аляксандр Коржыч, узяты на службу менш за паўгода таму, быў знойдзены 3 кастрычніка павешаным ў падвальным памяшканні аднаго з будынкаў на тэрыторыі вайсковай часткі. 5 кастрычніка ў якасці першапачатковай версіі трагедыі следства назвала суіцыд. Бацькі і сябры загінулага ў гэтую версію не вераць.
10 кастрычніка следства паведаміла аб распачынанні крымінальнай справы паводле ч 3 арт 443 КК (парушэнне статутных правілаў узаемадачыненняў паміж асобамі, на якіх распаўсюджваецца статус жаўнера, пры адсутнасці стасункаў падпарадкаванасці, што пацягнула цяжкія наступствы).