Актуальна

Як вучаць бараніць Беларусь. 7 фактаў пра вайсковую адукацыю

14 сакавіка ў прэс-цэнтры Дома прэсы адбудзецца прэсавая канфэрэнцыя «Сучасны стан і далейшае разьвіцьцё сыстэмы вайсковай адукацыі ў Рэспубліцы Беларусь».

Сфэра вайсковай адукацыі ў сучаснай Беларусі досыць закрытая. Чакаецца, што прадстаўнікі Міністэрства абароны і Вайсковай акадэміі, якіх заявілі як удзельнікаў сустрэчы з журналістамі, раскажуць пра некаторыя тэмы, якія раней лічыліся сакрэтнымі. Свабода сабрала асноўныя факты пра вайсковую адукацыю ў Беларусі.

1. Вайсковая акадэмія

Вайсковая акадэмія Рэспублікі Беларусь — асноўная навучальная ўстанова, дзе даецца вышэйшая вайсковая адукацыя і адбываецца перападрыхтоўка вайсковых спэцыялістаў. Акадэмію заснавалі ў 1995 годзе на базе дзьвюх вайсковых вучэльняў, якія пасьля гэтага былі ліквідаваныя: Менскай вышэйшай вайскова-інжынэрнай (былое ВІЗРУ) і Менскай вышэйшай вайсковай каманднай вучэльні (месьцілася на вуліцы Каліноўскага).

У Вайсковай акадэміі дзейнічае 10 факультэтаў, на якіх рыхтуюць афіцэраў па 42 спэцыяльнасьцях. Адзін з факультэтаў рыхтуе афіцэраў для Ўнутраных войскаў, падпарадкаваных Міністэрству ўнутраных спраў, і ўтрымліваецца за кошт МУС, усе іншыя фінансуе Міністэрства абароны Беларусі. Па 2018 год Вайсковая акадэмія выпусьціла каля 40 тысяч афіцэраў, у тым ліку яе скончылі каля 4 тысяч замежных вайскоўцаў з Таджыкістану, Казахстану, Туркмэністану, Вэнэсуэлы ды іншых краін.

Навучаюць у Вайсковай акадэміі цягам 4–5 гадоў, залежна ад спэцыяльнасьці. Курсанты забясьпечваюцца стыпэндыяй, з 3 курсу — інтэрнатам. Выкладаньне вядзецца па-расейску. У канцы 2018 году, паводле міністра абароны Андрэя Раўкова, у Вайсковай акадэміі плянавалі стварыць роту інфармацыйных тэхналёгій.

Мікола Статкевіч на сходзе супраць разьмяшчэньня ў Беларусі расейскай вайсковай базы, 2015 год

Мікола Статкевіч на сходзе супраць разьмяшчэньня ў Беларусі расейскай вайсковай базы, 2015 год

«Навучаньне ў нашай акадэміі дагэтуль вядзецца па старых савецкіх традыцыях, у курсантаў не разьвіваюць навыкаў ініцыятыўнасьці, націск робіцца на безумоўнае падпарадкаваньне загаду. Да таго ж беларускае войска не разглядаецца як войска самастойнае, а толькі як саюзьнік расейскага войска. У патрыятычным выхаваньні курсантаў таксама шмат хібаў», — мяркуе былы выкладчык Вайсковай акадэміі Мікалай Статкевіч.

Сярэдні конкурс на паступленьне ў Вайсковую акадэмію Беларусі пазалетась складаў 1,28 чалавека на месца, што ў 10 разоў меней, чым у прэстыжныя вайсковыя вучэльні ЗША.

2. Расфармаваная вайскова-марская вучэльня ў Пінску

Да 1992 году ў Пінску разьмяшчалася вайскова-марская частка пад назвай «1-ы вучэбны атрад». Там рыхтавалі вайсковых спэцыялістаў (у асноўным электрамэханікаў) для ўсіх флётаў СССР і асобнай Касьпійскай флятыліі.

Пінск меў даўнія вайскова-марскія традыцыі. Рачныя баявыя судны выкарыстоўвалі яго як базу і ў міжваенныя часы ў Польшчы, і на пачатку вайны СССР зь Нямеччынай. Караблі Пінскай вайсковай флятыліі (рачныя кананэрскія лодкі, маніторы і бранякатэры) у 1939 годзе бралі ўдзел у баях Польшчы супраць СССР. У выніку паразы Польшчы караблі былі захопленыя савецкім войскам.

Пінск у 1936 годзе

Пінск у 1936 годзе

Пазьней, у 1941 годзе, яны бралі ўдзел у баях на тэрыторыі Беларусі і Ўкраіны, ахоўвалі пераправы на Дняпры, баранілі Кіеў і паступова ўсе загінулі ад бамбардаваньняў, агню артылерыі ці былі падарваныя маракамі на загад камандаваньня пры адступленьні. У выніку ў кастрычніку 1941 году Пінская вайсковая флятылія як баявая частка была расфармаваная і аднавілася толькі ў 1944 годзе пасьля вызваленьня Беларусі, але ўжо ў складзе Дняпроўскай вайсковай флятыліі — як база для вайскова-марской «вучэбкі».

Цяпер у Пінску не засталося вайскова-марскіх падразьдзяленьняў і баявых караблёў. На базе былой «вучэбкі» рыхтуюць спэцыялістаў для Дзяржкамітэту памежных войскаў. Будынкі штабу і Дому афіцэраў вярнулі каталікам, вучэбны корпус перадалі рэгіянальнай мытні, а стадыён — Палескаму дзяржаўнаму ўнівэрсытэту.

3. Навучаньне беларускіх курсантаў і афіцэраў у Расеі

Паводле неафіцыйных крыніц, з 2000 году больш за 2,5 тысячы вайсковых спэцыялістаў прайшлі навучаньне ў Расеі. Пры гэтым заўважана, што з 2014 году, у выніку вайны Расеі супраць Ўкраіны, колькасьць беларускіх вайскоўцаў, якія едуць вучыцца ў Расею, скарацілася. «Калі ў 2015 годзе такіх было 447, праз год стала 374», — прыводзіць дадзеныя аналітык Сяргей Богдан з Цэнтру Астрагорскага.

Афіцыйныя зьвесткі пра тое, колькі маладых беларусаў вучацца на афіцэраў у вайсковых навучальных установах Расеі, не публікуюцца.

Вядома, што шмат хто з вышэйшых вайскоўцаў у Беларусі атрымаў вышэйшую ці дадатковую вайсковую адукацыю ў Расеі. У прыватнасьці, акадэмію Генэральнага штабу Расеі скончыў дзейны міністар абароны Беларусі Андрэй Раўкоў.

4. Вайсковая адукацыя ў цывільных ВНУ

Сем ВНУ Беларусі маюць вайсковыя факультэты, якія былі створаныя на базе вайсковых катэдраў. Так, у старэйшай беларускай ВНУ — Беларускім дзяржаўным унівэрсытэце вайсковы факультэт узьнік у 2003 годзе на базе вайсковай катэдры, якая дзейнічала з 1926 году. Вядомы факт — у 30-я гады мінулага стагодзьдзя вайсковыя заняткі для студэнтаў БДУ вёў камандзір кавалерыйскага палку Георгі Жукаў, будучы маршал і чатырохкротны Герой Савецкага Саюзу.

5. Сувораўская вучэльня

У сыстэму вайсковай адукацыі ў Беларусі таксама ўваходзіць Менская сувораўская вайсковая вучэльня, дзе навучэнцы атрымліваюць пачатковыя веды і навыкі ў вайсковай навуцы, рыхтуюцца да паступленьня ў Вайсковую акадэмію ці іншыя навучальныя ўстановы.

Вучэльня адкрытая ў 1953 годзе, туды паступаюць з 12 гадоў і вучацца 5 гадоў, жывуць у інтэрнаце і забясьпечваюцца цалкам за кошт дзяржавы. Менскую сувораўскую вучэльню скончылі экс-міністар абароны Беларусі Леанід Мальцаў і дзейны міністар абароны Андрэй Раўкоў.

6. Печы

Падрыхтоўка прапаршчыкаў і малодшых вайсковых спэцыялістаў у Беларусі адбываецца ў 72-м гвардзейскім аб’яднаным навучальным цэнтры. Ён знаходзіцца ў вайсковым гарадку Печы пад Барысавам, на месцы, дзе войска стаяла яшчэ за царскім часам.

У Печах прайшлі падрыхтоўку тысячы беларускіх вайскоўцаў. Тут вучаць кіраваць танкам ды іншай бранятэхнікай, навучаюць шэрагу вайсковых спэцыяльнасьцяў.

Увосень 2017 году Печы сталі вядомыя на ўсю краіну праз трагедыю з шарагоўцам Аляксандрам Коржычам, якога знайшлі ў пятлі. У выніку суд пакараў зьняволеньнем на тэрміны ад 6 да 9 гадоў трох сяржантаў. Іх прызналі вінаватымі ў злачынных дзеяньнях, якія прывялі да сьмерці салдата.

7. Альтэрнатыўнае навучаньне ад БЗВ

Падчас жнівеньскага путчу ГКЧП у 1991 годзе ў Беларусі заявіла пра сябе грамадзкае аб’яднаньне «Беларускае згуртаваньне вайскоўцаў», больш вядомае пад абрэвіятурай БЗВ. Яно аб’яднала нацыянальна арыентаваных афіцэраў і адстаўных вайскоўцаў.

У арганізацыю ўвайшлі вайскоўцы розных родаў войскаў, сярод іх Мікалай Статкевіч, Уладзімер Савінок, Канстанцін Жвірка, Валер Костка, Уладзімер Барадач, Мікалай Бірукоў ды іншыя. Сябрамі арганізацыі былі й такія вядомыя грамадзкія дзеячы, як Артур Вольскі ды Алег Трусаў.

Быў сярод актывістаў БЗВ і дэпутат Вярхоўнага Савету Віктар Шэйман, пазьнейшы дзяржсакратар Рады бясьпекі, генпракурор, кіраўнік спраў Адміністрацыі прэзыдэнта. Ён падазраецца ў датычнасьці да зьнікненьняў апазыцыянэраў Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара і Анатоля Красоўскага.

У 1992 годзе актывісты БЗВ у цэнтры Менску ўрачыста прымалі прысягу на вернасьць Беларусі, у пазьнейшыя гады ахоўвалі масавыя акцыі, у тым ліку рабочыя страйкі, бралі ўдзел у распрацоўваньні важных дакумэнтаў аб стварэньні беларускага войска і вайсковай рэформе.

Глядзіце відэа: Прысяга БЗВ на вернасць незалежнай Беларусі 8 верасня 1992

БЗВ першым з патрыятычных арганізацый пачало вайсковае навучаньне маладых людзей на аснове нацыянальных традыцый, на падставе гэтай ініцыятывы пазьней сфармавалася вайскова-патрыятычная арганізацыя «Белы легіён». У 2000 годзе БЗВ не прайшло перарэгістрацыі і было ліквідаванае.

Алег Грузьдзіловіч

Радыё Свабода