Навіны

Юры Рубцоў: Пакуль Лукашэнка не сыдзе – узровень жыцця ў Беларусі будзе толькі падаць

Беларуская прамысловасць засталася на ўзроўні 60-х гадоў мінулага стагоддзя, і ў варунках дыктатуры ніякія станоўчыя зрухі немагчымыя.

Сваё меркаванне аб эканамічнай сітуацыі ў Беларусі сайту charter97.org выказаў гомельскі актывіст, былы палітвязень Юры Рубцоў, які патрабаваў у свой час ад Аляксандра Лукашэнкі выканаць абяцанне пра сярэдні заробак 600 долараў.

– Вы змагаліся, акрамя ўсяго, і супраць пустых абяцанак улад аб заробках. За час, які Вы правялі ў зняволенні, нешта змянілася ў эканамічнай сітуацыі і ўзроўні жыцця людзей у Беларусі?

– Па-першае, хачу падзякаваць усім, хто змагаўся за маё вызваленне.

Дзякуй і charter97.org, якая нямала для гэтага зрабіла, дзякуй усім актывістам, рухам, партыям, міжнародным арганізацыям, якія за мяне змагаліся.

Для мяне няма нічога дзіўнага ў тым, што прадпрыемства ў Беларусі працуюць па два, тры, чатыры дні на тыдзень і заробак у людзей падае. Гэта ўсё было для мяне прадказальна і відавочна нашмат раней, чым пачаўся крызіс.

Сама сістэма, створаная ў нашай краіне, спрыяе гэтаму. Кіраўнікі прадпрыемстваў, якія выконваюць загады Лукашэнкі, распараджаюцца не сваімі, а чужымі грашыма. Патрабаваць эфектыўнасці ад гэтых вытворчасцяў – проста нерэальна. Эканоміка нашай краіны засталася на ранейшым узроўні і вырабляе прадукцыю, якая нікому не патрэбная.

Таму безупынна зніжаецца ўзровень жыцця людзей, узровень заплаты. Гэта зусім натуральна пры такой эканамічнай сістэме. Таму я заўсёды паўтараю: патрэбная рынкавая сістэма, трэба, каб прыватнік кіраваў прадпрыемствам і сам думаў, якое абсталяванне можна замяніць, якую прадукцыю вырабляць, ці будзе попыт.

– За апошнія дні курс беларускага рубля абрынуўся ў дачыненні да сусветных валют. Вы адчулі гэтыя змены – з настрою людзей, з ўзроўню коштаў?

– Вядома, я гэта заўважыў. Гэта аб\’ектыўны працэс, прадыктаваны законамі рынку. Гэтыя законы будуць дзейнічаць, і ўзровень жыцця ў Беларусі будзе падаць. Ніякія крэдыты рэжыму не дапамогуць. Іх проста давядзецца аддаваць нашым дзецям і ўнукам. Без рынкавай рэформы немагчымыя ніякія сацыяльныя змены ў лепшы бок – рэформа аховы здароўя, пенсійная рэформа.

– Як рэагаваць на гэты крызіс? Што можна параіць людзям у такой сітуацыі?

– Што тут можна параіць? Нашы людзі і самі добра ведаюць, што цяпер трэба скупляць валюту. Але хачу сказаць, што і гэта не дапаможа. Заробкі будуць змяншацца ўсё адно.

У нас быў адзін кірунак эканамічнага развіцця – у бок Расеі. І калі супраць Расеі праз вайну ва Украіне ўведзеныя санкцыі, яна не можа купляць столькі беларускіх тавараў, колькі было раней. А на Захад мы не можам нічога экспартаваць.

Хіба можам мы прадаць МАЗы, у якіх мы нават не можам пафарбаваць кодаб як належыць, і ён пачынае ржавець праз год? Наша якасць і нашы тэхналогіі ў развітых краінах нікому не патрэбныя.

Я памятаю, як у 1960-х гадах мы хадзілі ў краму з бідонамі для малака. Шмат што змянілася, малако ўжо прадаюць зусім у іншым апакаванні – а наша прамысловасць усё яшчэ вырабляе гэтыя нікому не патрэбныя бідончыкі. Гэта вельмі характэрны прыклад для нашай эканомікі.

Лукашэнка не здолее развязаць праблем эканомікі Беларусі. Цяжка іх будзе развязваць і таму, хто будзе пасля яго. Але краіна павінна перайсці да рынкавых рэформаў. На іх можа пайсці і 15, і 20 гадоў, але іншага шляху ў нас няма.

Паглядзіце, як Польшча рэфармавала эканоміку: яны 20 гадоў развязвалі эканамічныя праблемы і прыйшлі да таго, што заробак там паўтары тысячы даляраў, а мяса на 30-50% таннейшае, чым у Беларусі. А ў нас у правінцыі заробак 1,5-2 мільёны рублёў.

– Дзякуючы Вашай мужнай барацьбе лозунг «Лукашэнка сыходзь» стаў вельмі вядомым і папулярным. На Вашу думку, у варунках крызісу гэты лозунг набывае новую моц і актуальнасць?

– Ён вельмі актуальны цяпер, бо без зыходу Лукашэнкі інвестыцый у нашу краіну не будзе. Урады заходніх краін не могуць загадаць сваім прадпрымальнікам, каб яны прыходзілі ў Беларусь і адкрывалі свае прадпрыемствы. Там усё вызначае прыватны ўладальнік, а ён бачыць, што ў гэтай краіне законы не выконваюцца.

Нагадаем, што грамадскі актывіст Юры Рубцоў быў асуджаны на 2 гады пазбаўлення волі нібыта за ўхіленне ад адбыцця пакарання “хіміяй”. У спецкамендатуры «Куплін», куды Рубцова накіравалі на 1,5 гады за абразу суддзі, ён нібыта адмаўляўся працаваць. Сам Рубцоў у судзе казаў, што не адмаўляўся працаваць наогул, але не згаджаўся з прапанаванымі яму працамі, заплата на якіх была ніжэйшая, чым сярэднемесячная ў краіне. «Лукашэнка абяцаў усім па 600 даляраў заробку, але падмануў», – казаў Рубцоў у апошнім слове на працэсе.

Да «хіміі» Юры Рубцоў быў прысуджаны за тое, што нібыта абразіў суддзю, які пагадзіўся судзіць яго. Напярэдадні яго затрымалі за нашэнне футболкі з заклікам «Лукашэнка сыходзь», сарвалі з яго футболку і раздзетага прывезлі ў суд. Падчас адбыцця «хіміі» Юры Рубцоў зрабіў сабе на грудзях тату з тымі ж словамі – «Лукашэнка сыходзь».

22 жніўня Юры Рубцоў разам з іншымі палітвязнямі быў вызвалены.

Хартыя\’97