Юры Рубцоў: Я не ўважаю за палітыкаў тых, хто ідзе на «выбары»

Спачатку трэба дамагчыся змен выбарчага заканадаўства і скасавання працоўных кантрактаў.

Былы гомельскі палітвязень Юры Рубцоў, вызвалены з Бабруйскай папраўчай калёніі паводле ўказу аб памілаваньні шасьці палітвязьняў, стаў на прафіляктычны нагляд у Крымінальна-выканаўчай інспэкцыі аддзелу ўнутраных спраў адміністрацыі Савецкага раёну Гомеля.

Інспэктар дазваляе ляцець на Марс

Старшы інспэктар Курылін патлумачыў палітвязьню, што ён можа выправіцца нават на Марс, але калі там затрымаецца больш як на месяц, то мае паведаміць у інспэкцыю пра сваё месцазнаходжаньне.

У першым інтэрвію Свабодзе пасьля вызваленьня Юры Рубцоў распавёў:

«Стаў на прафіляктычны ўлік. Буду жыць, як і жывуць усе людзі ў нашай краіне — толькі да мяне будзе больш пільная ўвага ў параўнаньні зь іншымі грамадзянамі. Я магу езьдзіць у любы горад, любою краіну, нават на Марс ці Юпітэр, але ня больш за месяц. Калі болей, то мушу папярэдзіць, дзе буду жыць, у якім горадзе, па якім адрасе. Для мяне гэта ў нейкай ступені абразьліва, але я ж не магу не прытрымлівацца такіх ўмоваў. У нас уся краіна пад наглядам — прафіляктычным ды іншым. У нас нагляд і ў турме, і на працы, і на волі — усё адзін вялікі лягер».

У так званай інфармацыйнай карце інспэктар запаўняў і такі пункт: «Асобныя прыкметы і тату». Указаў, што на частках цела 7 і 37 (левая й правая паловы грудзей) ёсць надпіс.

«Мне спадабалася, калі ён спытаў пра тату. Я адказаў: «Ёсьць», — і паказаў, дзе. Інспэктар патлумачыў, што пазначае ён толькі, што гэта надпіс, малюнак, эмблема ці нешта іншае. А што менавіта напісана, ён ня піша. А ў мяне надпіс толькі адзін: «Лукашенко уходи».

Раніцай — ШЫЗА, увечары — воля

Вызваленьне з бабруйскай калёніі было для Юрыя Рубцова вялікай неспадзяванкай. З чатырнаццаці дзён знаходжаньня ў гэтай калёні 13 ён правёў у ШЫЗА. 22 жніўня пасьля вячэры ў камэру да яго прыйшлі наглядчыкі:

«Я быў у ШЫЗА, да мяне зайшлі ў камэру, сказалі сабраць рэчы і выйсьці з камэры. У няволі я паставіў сабе задачу: нічога ў іх не пытацца, нічога ў іх не прасіць. Сабраў рэчы, выйшаў з камэры. Куды мяне павядуць, ня ведаў. Пытацца — не пытаўся. Мяне павялі не ў казарму, а на КПП. Для мяне гэта ўвогуле было нечакана. На КПП былі мае рэчы, і мне прапанавалі зьняць турэмную вопратку і пераапрануцца ў сваю, цывільную. Тут я зразумеў, што нешта здарылася: альбо мяне кудысьці вывязуць, альбо вызваляюць. Я пераапрануўся. Запатрабавалі праверыць, ці ўсе мае рэчы са мною. Праверыў — усё было на месцы. Мяне вывелі на выхад з турмы. І ўжо тут абвясьцілі, што выйшаў указ пра маё памілаваньне. Нейкі час я думаў нават, што гэта падман ці штосьці такое. Але калі сказалі пакінуць турму, падагналі машыну „хуткай дапамогі“, каб везьці на вакзал, далі білет на цягнік, тады я зразумеў, што мяне сапраўды адпускаюць. На машыне мяне адвезьлі ў Бабруйску на чыгуначны вакзал, пасадзілі ў вагон — і я паехаў дадому».

Марозіва для «амбалаў» і малітва на падпалкоўніка

Суправаджалі Рубцова на вакзал трое, як ён кажа, амбалаў. Юры купіў ім па марозіву. Тыя аднекваліся, але ўрэшце паддаліся на прапанову палітвязьня: маўляў, бярыце — заслужылі:

«Улада выкарыстоўвае і сьледчы ізалятар, і калёніі, каб зрабіць зь людзей рабоў — рабоў, якія павінны баяцца нават заўвагі любога супрацоўніка. Для мяне было дзіка, калі падпалкоўнік заскочыў у памяшканьне — а людзі толькі паступілі ў гэтую бабруйскую калёнію, ня ведаючы, што і як — і вось гэты падпалкоўнік уляцеў і адразу крычаць: „Чаму ня ўсталі?“ Гэта мяне шакавала. Я ўпаў на калені і раю ўсім: „Маліцеся госпаду, які паўстаў перад вамі“. Падпалкоўнік ускіпеў. Відаць, гэта вывела яго з раўнавагі і ён адразу загадаў адправіць мяне ў ШЫЗА — за тое, што стаў на калені і высьмеяў яго паводзіны».

Абед у прыбіральні

Яшчэ ў сьледчым ізалятары ў Баранавічах, незадоўга да пераводу ў бабруйскую калёнію, Рубцоў спрабаваў хоць неяк узьдзейнічаць на пэрсанал гэтай установы. Ён вышыў на сваёй кашулі актуальныя, як яму падавалася, выслоўі:

«На кашулі зрабіў надпісы. На сьпіне вышыў: „Асудзіўшы мяне, вас пазбавілі права абурацца жабрацкім заробкам“, сьпераду на кашулі выпісаў: „Называйце рэчы сваімі імёнамі“. Гэтым я даводзіў, што яны большыя злачынцы за тых, хто за кратамі. Улада саджае людзей, якія нават не прызнаны злачынцамі, у памяшканьне з адкрытым санвузлом. Уся камэра такім чынам становіцца адным агульным санвузлом. Злачынствам дзяржавы зьяўляецца тое, што людей прымушаюць прымаць ежу ў санвузьле. Гэта ёсьць прыніжэньне чалавечай годнасьці, што забаронена законам».

Не было эйфарыі ад волі, бо сядзеў за нішто

Нядаўні палітвязень кажа, што не было ў яго ад вызваленьня нейкага эмацыйнага ўзрушэньня ці падзякі вызваліцелю. Была толькі крыўда:

«Не было нейкай эйфарыі, узьнёслай радасьці — анічога. Бо я ведаў, што сядзеў за нішто. Ну, выпусьцілі. Было крыўдна за памілаваньне. Не прызналі маю рацыю, а памілавалі. Пра памілаваньне мне нават ніхто не заікаўся, не прасіў яго напісаць. Відаць, ведалі, што ні ў кога прасіць нічога ня буду.

Памілаваньне ні з пушчы, ні з поля. З чым яно зьвязана, можна толькі здагадвацца, а ведаць мы ня будзем. Пра гэта ведае толькі адзін чалавек.

Я, канечне, вельмі рады сустрэчы з сям’ёй, роднымі і блізкімі мне людзьмі. Рады, што ўчора дзень з унукамі правалтузіўся. Але ў мяне засталося не надта прыемнае адчуваньне ад памілаваньня — мне гэта не падабаецца».

На другі дзень пасьля вызваленьня Юры Рубцоў пайшоў з унукам на пляж, каб пакатацца на катамаране. Натуральна, прыйшлося распрануцца. Міліцыянэр, пабачыўшы палітычнае тату на грудзях 54-гадовага мужчыны, пасьпяшаўся зьнікнуць зь пляжу.

Што маральна непрыгожа — надпіс на майцы ці пяты тэрмін прэзыдэнцтва?

Сын Юрыя Рубцова Віктар пасьпеў ужо паказаць бацьку ў інтэрнэце запіс прэсавай канфэрэнцыі Аляксандра Лукашэнкі незалежным СМІ, падчас якой карэспандэнт Радыё Свабода Валер Каліноўскі наўпрост запытаўся ў кіраўніка дзяржавы, ці злачынства гэта — татуіроўка на грудзях «Лукашэнка, сыходзь»? Лукашэнка адказаў, што гэта, канечне, не злачынства, аднак, «маральна непрыгожа, ну ня трэба, калі ты рабацяга, добры чалавек і іншае, ну не пішы гэтага. Добра ці кепска, але гэта ўсё ж твой прэзыдэнт».

Рубцоў: «Мне вельмі не спадабаўся адказ нашага прэзыдэнта, які завіў: тое, што я зрабіў гэты надпіс, зьяўляецца амаральным і неэтычным учынкам. А ці маральны ўчынак прэзыдэнта, які пяты ці ўжо нават шосты раз імкнецца стаць прэзыдэнтам? Гэта больш немаральна, чым тое, што зрабіў я».

Пачалося з кантрактнай сыстэмы

Юры Рубцоў сьцьвярджае, што стаць апазыцыянэрам — значыць, чалавекам, які думае іначай — яго прымусіла паўсюднае ўвядзеньне кантрактаў паводле ўказу Лукашэнкі. Ён тады працаваў кіроўцам на гомельскім прадпрыемстве «Водаканал» і ўпершыню пачаў чытаць працоўнае заканадаўства. І зрабіў для сябе адкрыцьцё, што заключэньне працоўных кантрактаў пад пагрозай звальненьня зьяўляецца незаконным. Нават начальнікі сярэдняй рукі праз кантракты паказвалі рабацягам, што тыя на працы ніхто, па-сутнасьці, звычайныя рабы. З кожным годам працоўныя кантракты ўсё часьцей сталі выкарыстоўваць, каб расквітацца зь няўгоднымі:

«Міжнародная арганізацыя працы (МАП) правільна расцаніла адпаведны дэкрэт, гэтыя ўсе кантракты і другі раз за гісторыю свайго існаваньня прапанавала ўвесьці эканамічныя санкцыі ў дачыненьні Беларусі, дзе прымяняюцца такія кантракты. Лукашэнка ня хлусіць, калі кажа, што на Беларусь ціснуць. Толькі ён ня кажа, з-за чаго ўведзены санкцыі ў дачыненьні Беларусі. Нельга звальняць чалавека з працы за тое, што ў яго іншая пазыцыя, што ў яго іншая нацыянальнасць, што ў яго іншая партыя, што ён кажа праўду. Той чалавек, які займае пасаду прэзыдэнта, ён увёў гэтую сыстэму, каб трымаць уладу ў сваіх руках — жалезна трымаць уладу ў сваіх руках».

На думку Рубцова, паноўная кантрактная сыстэма негатыўна ўплывае і на выбары ў Беларусі.

«Працоўныя кантракты выкарыстоваюцца нават падчас выбараў, бо ўся краіна працуе на гэтых кантрактах. І члены ўчастковых выбарчых камісіяў таксама працуюць па кантрактах. І калі яны ня выканаюць уладны загад зрабіць, скажам, 90 адсоткаў галасоў за Лукашэнку, то іх вельмі лёгка пазбавіць працы. Яны змушаны рабіць той падлік галасоў, які патрэбны ўладзе. І я не магу назваць палітыкамі тых людзей, хто выказаў сваё жаданьне і ўдзельнічае цяпер у выбарах. Немагчыма не разумець уплыў працоўных кантрактаў на падлік галасоў. Чалавек, які гэтага не разумее, ня можа быць палітыкам. Праз няўдзел у выбарах можна было б аказаць ціск на ўладу, прымусіць яе ісьці на перамовы з апазыцыяй, каб дамагчыся і эфірнага часу, і зьменаў выбарчага заканадаўства, і адмены працоўных кантрактаў. Вось што трэба было рабіць апазыцыі», — лічыць нядаўні палітвязень Юры Рубцоў.

Юры Рубцоў быў засуджаны да двух гадоў пазбаўленьня волі ў калёніі за «ўхіленьне ад пакараньня». Раней яго каралі абмежаваньнем волі на паўтара гады нібыта за абразу менскага судзьдзі Кірыла Палулеха. На «хіміі» ў Купліне Пружанскага раёну Юры Рубцоў згаджаўся працаваць толькі пры ўмове атрыманьня абвешчанага ў краіне сярэдняга заробку сумай 600 даляраў.

Перасьлед гомельскага актывіста пачаўся яшчэ ў 2013 годзе, калі Рубцоў пачаў прыяжджаць у Менск на акцыі апазыцыі ў майцы з надпісам «Лукашэнка, сыходзь». За гэта яго й празвалі «чалавекам-майкай». Некалькі разоў Рубцова саджалі ў ізалятар. Актывіст абвяшчаў галадоўкі і абскарджваў судовыя выракі.

22 жніўня Аляксандар Лукашэнка, «зыходзячы з прынцыпаў гуманізму» —прыняў рашэньне вызваліць шасьцёх палітзьняволеных — Мікалая Статкевіча, Мікалая Дзядка, Ігара Аліневіча, Яўгена Васьковіча, Арцёма Пракапенку і Юрыя Рубцова.

Хартыя\’97