З выбарчых участкаў у Воршы выгналі 30 назіральнікаў

Выдаленне адбылося ў першы дзень датэрміновага галасавання, хоць да гэтага дня праблем з рэгістрацыяй і наведваннем выбарчых участкаў не было.

Яно было абгрунтавана тым, як кіраўнікі камісій зразумелі партыйныя пратаколы аб вылучэнні назіральнікаў. Пра гэта «Радыё Свабода» сказаў старшыня Віцебскай абласной партыйнай арганізацыі Мікалай Селівашка.

«Ва ўсіх пратаколах вылучэння ў назіральнікі напісана, што чалавека накіроўваюць назіраць» на выбары прэзідэнта Рэспублікі Беларусь 11 кастрычніка 2015 – менавіта такое поўнае найменне маюць цяперашнія «выбары». Так пішацца і на сайце Цэнтрвыбаркама. Аднак сёння людзям заявілі, што яны маюць права назіраць за выбарамі толькі на працягу аднаго дня – 11 кастрычніка. Маўляў, у вас саміх так напісана. Назіральнік мае права назіраць за выбарчым працэсам на ўсім яго працягу, калі ў пратаколе асобна не агаворана, што ён накіроўваецца на адзін дзень або на шэсць дзён. У нашых пратаколах ніякіх такіх агаворак не было. Мы проста назвалі падзею так, як яе называе Цэнтрвыбаркам», – сказаў Мікалай Селівашка.

Ён сцвярджае, што ні з чым такім раней не сутыкаўся, хоць раней не раз быў чальцом абласной выбарчай камісіі і вырашаў у гэтай якасці розныя супярэчлівыя пытанні. Выдаленне назіральнікаў выглядае не як недарэчнасць, а як нейкія спланаваныя захады, мяркуе кіраўнік абласной партыйнай арганізацыі.