Навіны

За два тыдні ў калоніі Мікалай Дзядок атрымаў чатыры спагнанні і двойчы патрапіў у ШІЗА

Як паведаміла праваабаронцам “Вясны” жонка палітзняволенага Валерыя Хоціна, Мікалая Дзядка 12 мая перавялі ў новае месца адбыцця пакарання – у калонію  ПК-9 у Горках. А ўжо на другі дзень, 13 мая ён быў змешчаны ў штрафны ізалятар, дзе правёў 5 сутак.  Літаральна праз дзень, 19 мая, яго зноў адправілі у адзіночку штрафнога ізалятара. З-за вельмі нізкай тэмпературы Дзядок вельмі пакутаваў усю ноч, прасіўся ад пераводзе ў іншае памяшканне.

Урэшце рэшт, каб звярнуць увагу дзяжурных па ШІЗА, раніцай 20 мая Дзядок нанёс сабе рэзаныя раны жывата і рук, пасля чаго быў змешчаны ў медсанчастку. Пасля аказання першай медычнай дапамогі, Дзядка ізноў накіравалі ў тое ж халоднае памяшканне ШІЗА, дзе ён знаходзіўся да 26 мая. Па словах Валерыі Хоцінай, агулам Дзядок атрымаў за гэты непрацяглы час 4 спагнанні.  

Юрыст Павел Сапелка раней паведамляў, што Папраўчая калонія №9 у Горках прызначаная для зняволеных, якія раней адбывалі пакаранне ў выглядзе пазбаўленне волі. Парадкі ў ПК №9 яскрава адлюстроўвае артыкул “Зняволеныя распавялі пра радыкальныя падыходы да выпраўлення ў ПК-9 у Горках”

Мікалай Дзядок адбыў 4,5 гады зняволення за нібыта хуліганскія дзеянні ў дачыненні да афіцыйных будынкаў і павінен быў выйсці на волю 3 сакавіка 2015 года. Аднак 26 лютага суд Ленінскага раёна Магілёва асудзіў палітвязня па артыкуле 411 Крымінальнага кодэкса «злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі» да 1 года зняволення ў калоніі строгага рэжыму. 30 красавіка суд касацыйнай інстанцыі пакінуў гэты прысуд у сіле.

spring96.org