Навіны

За першыя два дні ў калоніі Мікалаю Статкевічу вынесеныя два спагнанні

Цуда не адбылося – за кожны “рапарт” на Мікалая Статкевіча накладзеныя спагнанні.

У шклоўскай калоніі паспешліва разгледзелі рапарты, складзеныя на Мікалая Статкевіча ў першыя ж два дні пасля этапу.

Нягледзячы на відавочную абсурднасць абвінавачванняў, па абодвух выпадках на палітвязня, кандыдата на мінулых прэзідэнцкіх выбарах, Мікалая Статкевіча накладзеныя спагнанні – вымова і забарона на доўгатэрміновае спатканне з роднымі. Аб гэтым паведаміла жонка палітвязня Марына Адамовіч.

“Мікалай быў гатовы да такога развіцця падзей, – сказала жонка. – Ён гатовы і да таго, што, верагодна, адміністрацыя зробіць усё магчымае, каб “вярнуць” яго у турму. А для гэтага ўсе сродкі добрыя”.

Марына Адамовіч нагадала, што тры гады таму фармальнай падставай для суда і пераводу ў турму сталі бірка з прозвішчам зняволенага і недакладна падлічаныя насоўкі. Пры гэтым адміністрацыя калоніі ахарактарызавала Мікалая Статкевіча, як “не стаўшага на шлях выпраўлення”, які мае намер “выйсці па адбыцці і ў далейшым весці злачынны лад жыцця”.

Нагадаем, што чатыры супрацоўнікі калоніі №17 з\’яўляюцца неўязднымі ў Еўрапейскі Саюз, у тым ліку начальнік калоніі Сяргей Ермаліцкі і намеснік начальніка па аператыўнай рабоце Павел Ягулеўскі.