Актуальна

За што "падвысілі" начальніка шклоўскай калоніі?

Днямі з\’явілася інфармацыя пра тое, што начальнік папраўчай калоніі №17, што месціцца ў Шклове, палкоўнік Сяргей Ярмаліцкі атрымаў новую пасаду. Цяпер ён кіруе Упраўленнем Дэпартамента выканання пакаранняў Гомельскай вобласці.

Чалавек, які ўнесены ў спіс чыноўнікаў, няўяздных у Еўразвяз, за здзекі над палітвязнямі, цяпер будзе кантраляваць законнасць у месцах зняволення Гомельскай вобласці.

За якія ж заслугі атрымаў падвышэнне Сяргей Ярмаліцкі?

Магчыма, за такія:

“Мікалай Статкевіч напісаў у Генпракуратуру і пра тое, як у калёніі ўжываюць паслугі атрадных «заўгасаў», каб ціснуць на палітычных. Паводле Мікалая Статкевіча, з 2011 году ад палітвязьняў у калёніі пачалі патрабаваць напісаць заявы аб памілаваньні. Да гэтага падключыліся вязьні, якія атрымалі пэўныя гаспадарчыя пасады — прыкладам, гэтак званыя, атрадныя «заўгасы» ды іх хаўрусьнікі. «Ня маючы асобных паўнамоцтваў на кіраваньне іншымі асуджанымі, яны часта ўжываюць псыхалягічны альбо нават фізычны ціск, скарыстоўваючы дзеля гэтага групу сваіх „хаўрусьнікаў“. Наўзамен яны маюць цэлы шэраг ільготаў і прэфэрэнцыяў ад кіраўніцтва», — напісаў Мікалай Статкевіч.

Што гэта за ільготы?

Паводле назіраньняў Мікалая Статкевіча, некаторыя «заўгасы», якія ўдзельнічалі ў ціску на палітвязьняў, раней выйшлі на волю праз умоўна-датэрміновае вызваленьне. «Мікалай пра гэта даведаўся, калі другім разам трапіў у тую ж шклоўскую калёнію. Аказалася, што тыя заўгасы, хто мусіў яшчэ сядзець, бо меў вялікія тэрміны, ужо вызваліліся. Мікалай ведае дакладныя факты, ведае прозьвішчы тых, каму прапанавалі арганізаваць ціск ці нават правакацыю на яго асабіста. І гэтыя людзі ды іх памагатыя ўжо на волі», — кажа Марына Адамовіч”.

Ці за такія?

«Паводле расповеду Мікалая Статкевіча, у шклоўскай калёніі адміністрацыя набліжае да сябе некаторых вязьняў і дае ім прывілеі. Прыкладам, адзін з кіраўнікоў гэтак званага самакіраваньня, які асуджаны за забойства на вялікі тэрмін, мае там уласнага ад’ютанта. Гэты „ад’ютант“ гатуе яму ежу і з другога атраду, праз усю тэрыторыю калёніі, носіць гэтыя сьняданкі, абеды ды вячэры. Відаць, гэта ўзгоднена з адміністрацыяй, калі „ад’ютанта“ прапускаюць усе пасты ўнутры калёніі» (с).

Альбо за такія (са старонкі Мікалая Статкевіча ў Фэйсбуку)?

“17 сакавіка туды (у ПК №17, рэд.) прыязджаў начальнік ДВП, праверыць, як выконваецца указ аб ізаляцыі наркаманаў. Ацаніў высока…
На радасцях зняволены з майго атраду абкурыўся “спайса”. Ледзьве паспелі ўратаваць. Атрымаў спагнанне “за выхад з лакальнай пляцоўкі ў неналежны час” – пазбаўленне кароткатэрміновага спаткання (ён – сірата).
Нікому “наверх” пра гэта, безумоўна, не дакладалі” (с)

Гэта ганебная практыка, калі людзі, адказныя за парушэнні закона ў пенетэнцыярных установах, прызначаюцца кантраляваць іх, мяркуем, павінна быць спыненая.

У шклоўскай калоніі падчас кіраўніцтва Сяргея Ярмаліцкага адбывалі пакаранне шмат беларускіх палітвязняў, у тым ліку Мікалай Статкевіч, Зміцер Дашкевіч, Аляксандр Класкоўскі, Алег Гнедчык, Мікалай Дзядок, Уладзімір Лобан, Арцём Пракапенка, Дзмітрый Новік і іншыя.

У кастрычніку 2011 года Сяргею Ярмаліцкаму і яго намесніку Паўлу Ягулеўскаму быў забаронены ў’езд на тэрыторыю краін Еўрапейскага Саюза за ціск на палітыных вязняў ва ўзначальваемай ім калоніі. Пазней візавыя санкцыі з боку краін Еўрапейскага Саюза за ціск на палітвязняў былі пашыраныя яшчэ на двух супрацоўнікаў шклоўскай калоніі – Ігара Алейнікава і Вадзіма Шаменава.