Заблякаваны сайт Беларускага нацыянальнага кангрэсу. «Уся гістэрыя, якая нарастае вакол нас, зьвязаная з акцыяй 3 ліпеня», — Статкевіч
На тэрыторыі Беларусі заблякаваны сайт Беларускага нацыянальнага кангрэсу www.bnknews.org.
Пра гэта сказаў карэспандэнту Свабоды Мікола Статкевіч. Зайсьці на сайт немагчыма ўжо з учарашняга дня.
«Я думаю, што ўся гістэрыя, якая нарастае вакол нас, зьвязаная з акцыяй 3 ліпеня, бо ўся ідэалёгія гэтага рэжыму, як і ў Расеі відаць, сканцэнтраваная вакол падзей мінулай вайны. Бо нічога больш не засталося. Ідэалёгія славянскага братэрства пасьля вайны ва Ўкраіне ня можа быць скарыстаная. Таму спрабуюць зрабіць піяр на крыві мільёнаў.
А тут мы заявілі пра сваё права на гэтую дату і пра вяртаньне гэтай даты і яе сапраўднага сэнсу — Дня вызваленьня. Таму што гэта прыцягвае ўвагу да недарэчнай падмены Дня вызваленьня Днём незалежнасьці.
Таму і такі псыхоз, бо будуць пэўныя палітычныя страты, калі ўчыняць нейкія дзеяньні 3 ліпеня. Тым больш напярэдадні сэсіі Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ ў Менску. Таму спрабуюць перашкодзіць сабрацца людзям рознымі спосабамі — і праз дыскрэдытацыю, і плюс інфармацыйна. Яны абсякаюць нашы інфармацыйныя магчымасьці. Бо сайт публікуе ўсю інфармацыю пра ўсе падзеі БНК. Там разьмешчаныя банэры пра акцыю 3 ліпеня, якія можна выкарыстоўваць у сацсетках», — сказаў Мікола Статкевіч.
БНК створаны ў траўні 2016 года па ініцыятыве групы апазыцыйных палітыкаў. У яго аргкамітэт увайшлі Мікола Статкевіч, Уладзімер Някляеў, Станіслаў Шушкевіч, Зьміцер Дашкевіч, Вячаслаў Сіўчык, Андрэй Саньнікаў, Генадзь Фядыніч і Міхаіл Пастухоў.