Загінуў былы палітвязень Арцём Грыбкоў

Трагедыя адбылася яшчэ
13 сьнежня 2012 года…

Глядзець відэа Не стала Арцёма Грыбкова (08.02.2013)

Глядзець відэа Горад крыміналу? (08.02.2013)


«Ён загінуў у аўтакатастрофе, але я не хачу ніякага розгаласу», — сказала карэспандэнту Свабоды ўдава Арцёма Грыбкова Сьвятлана.

Цётка Грыбкова Людміла пацьвердзіла факт сьмерці пляменьніка і сказала, што падрабязнасьцяў сама ня ведае.

Па жаданьні сваякоў Арцёма Грыбкова яго пахавалі на радзіме ў Карэліцкім раёне.

Арцёма судзілі ў тым жа працэсе, што і Мікалая Статкевіча, ДЗмітрыя Вуса, Аляксандра Класкоўскага, Дзмітрыя Буланава, Аляксандра квяткевіча, Андрэя Пазняка.

Дзьмітры Вус: «Найперш я выказваю спачуваньні сваякам Арцёма. Да суду я яго ня ведаў, але на судзе ўбачыў, што гэта цалкам прыстойны чалавек. Ён не віляў, не хістаўся, казаў сваю праўду — гэта немагчыма было не заўважыць і не адзначыць. Ён ня быў удзельнікам нейкіх партый ці грамадзкіх арганізацый, але прыйшоў на Плошчу сьвядома, бо хацеў перамен і гэтага не хаваў. Толькі за тое, што ён прыйшоў 19 сьнежня на Плошчу, я здымаю перад ім капялюш».

Арцём быў таленавітым чалавекам, адкрытым да людзей.


                                               Арцём Грыбкоў

З маўчанак і тупату мала карысьці

Ўсё помняць муры і маўклівыя вежы.
Агонь іх ня зьнішчыў, вада не стачыла.
Мяняліся ўлады, зьнішчаліся межы,
Хваробы з вайною тут побач хадзілі.

Ды часта з касою, зусім не у поле,
Адзінага сына пускала жанчына.
Дзе чыстае неба — там лепшая доля.
Праз кроў здабываліся праўда і воля,
Калі заклікала Айчына.

Народ мой гаротны, бядою кляймёны,
Уздобрыў палеткі сваёю крывёю.
У сэрцы навечна герояў імёны,
Хоць косьці даўно пад сырою зямлёю.

Ды часта блішчалі сьлязінкі расою,
Хавала матуля адзінага сына.
За сонца, што сьвеціць над галавою,
Ён быў для радзімы магутнай сьцяною,
Калі заклікала Айчына.

Прачніся ж цяпер, мой народ, як калісьці.
Ці чуеш ты, стогне як маці-зямліца?
З маўчанак і тупату мала карысьці.
Свабоду каб мець, трэба з ворагам біцца.

Разгорнем сьцягі, засланяючы неба.
Трасіся у ложку, як ты не мужчына.
Каб дзецям тваім быў і хлеб і да хлеба,
Яна мне сказала, што гэта ўсё трэба.
Ты чуеш, нас кліча Айчына.

Верш дасланы цётцы Людміле Данько ў 2011 годзе з Бабруйскай калёніі.


Арцём Грыбкоў нарадзіўся 6 студзеня 1989 г. у Карэлічах. Вучыўся ў Менскім каледжы лёгкай прамысловасьці, мастацкай вучэльні ў Міры.

У 2008 г. закончыў вучэльню будаўнікоў у Карэлічах.

У палітычных партыях і рухах ня ўдзельнічаў.

Працаваў на розных працах на рабочых спэцыяльнасьцях.

На момант зьняволеньня працаваў у гандлёвым цэнтры «Гіпа» грузчыкам і прасаўшчыком гідраўлічнага прэсу.

Быў затрыманы 19 сьнежня 2010 г. на плошчы Незалежнасьці пасьля акцыі пратэсту супраць фальсыфікацыі вынікаў выбараў.

У СІЗА ў Жодзіне адбыў 10 сутак.

12 студзеня зь месца працы Грыбкова забралі ў СІЗА на Валадарскага.

Потым вызвалілі і затрымалі другі раз, трымалі ў СІЗА КДБ.

Абвінавацілі ва ўдзеле ў масавых беспарадках.

У апошнім слове Арцём Грыбкоў зьвярнуўся да судзьдзі Людмілы Грачовай: «Высокі суд! Страх праходзіць за некалькі хвілін, а пачуцьцё віны застаецца на ўсё жыцьцё. Перад вынясеньнем прысуду падумайце пра гэта».

26 траўня 2011 г. судзьдзя Грачова асудзіла Грыбкова на 4 гады пазбаўленьня волі. Адбываў пакараньне ў Бабруйскай калёніі № 2.

Вызвалены з калёніі 13 жніўня 2011 году.

У кнізе «Адзін дзень палітвязьня 2009–2011» Арцём Грыбкоў казаў, чаму пайшоў на Плошчу:

«Я сачыў за тымі грамадзкімі і палітычнымі падзеямі, якія адбываюцца ў краіне, але ні ў якіх палітычных структурах ня ўдзельнічаў. На Плошчу прыйшоў таму, што хацеў туды прыйсьці. І гэтым хацеў сказаць, што разумею, што ў нашай краіне ня так усё добра, як паказвае тэлебачаньне. Лічыў і лічу, што ў нас вельмі шмат годных людзей, і чаму б мне было і не пабыць у адной кампаніі з прыстойнымі людзьмі».

Выказваем шчырыя спачуванні сям\’і і блізкім Арцёма.

Ён застанецца ў нашай памяці.