«Застаюцца за кратамі: стан доўгатэрміновых зьняволеных у Беларусі»

“Міжнародная Амністыя” 2 жніўня распаўсюдзіла адмысловую заяву пад назвай “Застаюцца за кратамі: стан доўгатэрміновых зняволеных у Беларусі”. Заява прысвечана маючаму адбыцца 4-га жніўня, у гадавіну арышту Алеся Бяляцкага, Міжнароднаму дзню салідарнасьці з грамадзянскай супольнасьцю Беларусі.

У заяве гаворыцца пра справы Алеся Бяляцкага, Мікалая Статкевіча, Зьмітра Дашкевіча, Эдуарда Лобава, Паўла Севярынца, Сяргея Каваленкі, падрабязна апісваецца гісторыя іх пераследу, выказваецца заклапочанасьць станам іх здароўя, а таксама пагрозамі ў іх адрас з боку адміністрацыяў калёніяў. Цалкам тэкст заявы можна прачытаць на сайце арганізацыі.

Таксама Amnesty International зьвяртаецца ў Генэральную пракуратуру Рэспублікі Беларусь зь лістом, у якім выказваецца заклапочанасьць з нагоды становішча вязьняў сумленьня ў Беларусі, і заклікае расьсьледаваць законнасьць іх прысудаў, забясьпечыць іх неадкладнае і безумоўнае вызваленьне, а пакуль яны знаходзяцца пад вартай, гарантаваць фізычны і псыхалягічны спакой, адэкватнае лячэньне ў адпаведнасьці з нацыянальным заканадаўствам і міжнароднымі абавязальніцтвамі па правах чалавека.

Amnesty International нагадвае беларускім уладам, што ў адпаведнасьці з міжнародным правам, прадстаўнікі грамадзянскай супольнасьці, у тым ліку апазыцыі, павінны мець магчымасьць мірна зьбірацца і адкрыта выказваць сваё меркаваньне, без пагрозаў або страху адвольных арыштаў і гвалту.