Затрыманых паплечнікаў Статкевіча будуць судзіць

Мікалай Статкевіч у другой палове дня наведаў Цэнтральны РУУС Менска, куды пасьля затрыманьня даставілі ягоных паплечнікаў.

«Мы спачатку доўга чакалі хоць нейкай інфармацыі, нам абяцалі, што нехта да нас прыйдзе. Я напісаў заяву на выкраданьне. А потым вы пыпадкова пабачылі пяцёх нашых калегаў, якія былі затрыманыя».

Паводле словаў Статкевіча, у гэты ж пастарунак даставілі і трох затрыманых раней у Кіеўскім сквэры анархістаў.

Увечары з пастарунку вызвалілі Рыгора Пагарцава і Сяргея Тарасенка. Андрэя Шыпуліна, Сяргея Спарыша і Валянціна Троцкага пакінулі ў РУУСе. Заўтра іх будуць судзіць, верагодна, у судзе Цэнтральнага раёну.

«Гэтая невялікая акцыя паказала ўсяму сьвету рэальны стан абароны правоў працоўных у Беларусі. Гэта была санкцыянаваная акцыя, усё было бяз гвалту», — дадаў палітык.

Пяцяра паплечнікаў Міколы Статкевіча былі затрыманыя ранкам на афіцыйнай першатравенскай акцыі у Менску. Яны далучыліся да афіцыйнага мерапрымства з нацыянальнымі сьцягамі і плякатамі з сацыяльнымі лёзунгамі.

паводле Радыё Свабода