Выбары

Заява Руха Салідарнасці “Разам” „Пра неабходнасць самароспуску ЦВК”

У Беларусі пасля лістапада 1996 года ніколі не было магчымасці для правядзення свабодных і справядлівых выбараў. Галоўная прычына гэтага ў тым, што ў склад выбарчых камісій усіх узроўняў уваходзяць толькі прыхільнікі Аляксандра Лукашэнкі і людзі, цалкам залежныя ад сёняшняй улады.

Самую важную ролю пры правядзенні выбарчых фарсаў замест выбараў у нашай краіне адыгрывае Цэнтральная Выбарчая Камісія (ЦВК). Гэта не толькі “вясёлы балаганчык”, але і орган, які нясе персанальную адказнасць за тое, што ніводная краіна цывілізаванага свету за апошнія 19 гадоў ніколі не прызнавала свабоднымі і справядлівымі выбарамі, той працэс, які арганізоўваюць гэтыя лукашысцкія чыноўнікі.

Сёлета, калі ў турме пяты год незакона знаходзіцца галоўны супернік А.Лукашэнкі – Мікалай Статкевіч, нагадаем, што менавіта ЦВК дала беспадстаўную адмову на грунтоўную і падтрыхтаваную на шматлікіх фактах парушэння беларускага заканадаўства скаргу Рыгора Кастусёва аб прызнанні “выбараў” 2010 года несапраўднымі. Блюзнерства ЦВК у той момант падкрэслівалася, як фактам дэманстратыўнага збіцця Уладзіміра Некляева і яго прыхільнікаў яшчэ падчас выбарчага фарсу, так і цкаваннем спецслужбамі усіх супернікаў А.Лукашэнкі з узбуджэннем крымінальных спраў супраць большасці іх і дясяткаў іншых актывістаў апазіцыі.

Кіраўніцтва ЦВК і цяпер ужо публічна абвясціла пра гатоўнасць чарговы раз парушыць беларускае заканадаўства і адмовіць ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы па вылучэнні Мікалая Статкевіча кандыдатам у прэзідэнты Рэспублікі Беларусь. Такая адмова тлумачыцца толькі тым, што Аляксандр Лукашэнка баіцца гэтага беларускага палітыка.

Рух Салідарнасці “Разам” у якасці адзінай магчымасці для правядзення ў будучым свабодных і справядлівых выбараў бачыць тэрміновы самароспуск ЦВК. Усе іншыя праўныя варыянты блакаваныя рэжымам А.Лукашэнкі. Таму публічна звяртаемся да Лідзіі Ярмошынай, Вадзіма Іпатава, Мікалая Лазавіка, Васіля Бушчыка, Алены Дмухайла, Аляксандра Дудко, Сяргея Каліноўскага, Сяргея Кацубы, Міхаіла Пятрушына, Марыны Рахманавай, Алега Сліжэўскага, Івана Шчурка з патрабаваннем пайсці ў адстаўку. Нагадваем гэтым асобам, што ў судах, якія ўжо адбываліся над дзеячамі аўтарытарных і таталітарных рэжымаў розных краінаў свету, словы “я проста выконваў загады”, толькі абцяжарвалі віну злачынцаў.

Прагназуемыя паводзіны лукашысцкай ЦВК, а менавіта традыцыйнае парушэнне беларускага выбарчага заканадаўства, адыгрываюць ключавую ролю ў планах рэжыма Уладзіміра Пуціна па дэстабілізацыі сітуацыі ў Рэспубліцы Беларусь гэтай восенью. Таму Рух Салідарнасці “Разам” звяртаецца да беларускай і міжнароднай грамадскасці з просьбай падтрымаць нашыя патрабаванні па роспуску гэтай лукашысцкай структуры, як неабходную перадумову для правядзення свабодных і справядлівых выбараў у Беларусі.

Старшыня Руха Салідарнасці “Разам” Вячаслаў Сіўчык

16.07.2015 г.

Фота з архіва

racyja.com