Жыхар Наваполацку Мікалай Манохін: «За мой удзел у выбарчай кампаніі пагражаюць сваякам»

Выпадкі, нечуваныя зь «ліхіх 90-х», здарыліся з блізкімі людзьмі Мікалая. Зь перасьцярогі ён не называе імёнаў і прозьвішчаў, але нават зь мінімуму інфармацыі, якую ўпершыню падаў Мікалай Статкевіч, можна зрабіць высновы пра жорсткасьць невядомых злачынцаў.

Лідэр БСДП («Народная грамада») Мікалай Статкевіч сказаў у інтэрвію тэлеканалу «Белсат» пра сытуацыю з навапалачанінам Мікалаем Манохіным наступнае: «Былі два выпадкі нападу на сваякоў: ззаду дубінкай па галаве, потым вывозяць у ціхае месца і там зьбіваюць. Сваякоў папярэджваюць, што Мікалай павінен сысьці з гэтых выбараў.

Аднадумцы Мікалая Манохіна рыхтуюцца да пікету

Аднадумцы Мікалая Манохіна рыхтуюцца да пікету 

Мікалай Манохін, беспартыйны прэтэндэнт на ўдзел у выбарах, пацьвердзіў, што выпадкі былі. Але падрабязнасьцяў паведамляць пакуль ня хоча:

«Пакуль я не хачу адкрыта гаварыць на гэтую тэму. Людзі, якія пацярпелі, баяцца. І яны ня хочуць афішаваць ні сваіх імёнаў, ні таго, што адбылося. Выпадак беспрэцэдэнтны, я нават ня чуў пра нешта падобнае. Быў акт фізычнага гвалту, можна так сказаць. Гэта адназначна зьвязана з выбарамі, бо праз пацярпелых, блізкіх мне людзей, перадаюць словы, каб я сядзеў ціха і ня ўвязваўся ў выбары. Больш я проста казаць не хачу. Бо людзі апасаюцца, і гэта мае сваякі. Хто гэта быў, хто вінаваты — не магу зразумець. Калі да іх неяк дойдуць мае словы, то я хацеў бы перадаць: „Вы зрабілі надта непрыстойны ўчынак. Калі нешта хочаце перадаць мне асабіста, то мне асабіста і кажыце!“ Хаця, па шчырасьці, і на перамовы з падобнымі людзьмі хадзіць ня варта. Усякія гэткія захады — бессэнсоўныя, бо я хачу ісьці да канца, я нічога не баюся. У мяне пакуль няма ўласнай сям’і, і я гатовы да ўсяго. Няхай усе нягоднікі пра гэта ведаюць».

Пікет па зборы подпісаў за вылучэньне Мікалая Манохіна

Пікет па зборы подпісаў за вылучэньне Мікалая Манохіна

29-гадовы прадпрымальнік Мікалай Манохін апавядае, што цікавіцца палітыкай даўно. Кажа, што ў 2006 годзе, калі вучыўся ў Менску, пасьля выбараў выходзіў на плошчу. У 2011 годзе браў удзел у маўклівых акцыях пратэсту. Але ў апазыцыйных структурах ніколі ня быў:

«Мяне не задавальняюць ні самі структуры, ні іх кіраўнікі. Гэта ўсё нагадвае мне тое самае, што адбываецца ва ўладзе. Таму кантактую з асобнымі людзьмі, у якіх я бачу патэнцыял. Я беспартыйны, але сацыял-дэмакрат па перакананьнях, адпаведна, маю цесны кантакт зь Мікалаем Віктаравічам Статкевічам. Ён даведаўся пра сытуацыю, якая ў нас тут здарылася, і захацеў мяне падтрымаць, прыехаўшы на мой пікет па зборы подпісаў. Гэта годны крок годнага лідэра».

Мікалай Манохін і Мікалай Статкевіч

Мікалай Манохін і Мікалай Статкевіч

Пікет па зборы подпісаў за вылучэньне на кандыдата Мікалая Манохіна праходзіў 17 ліпеня. У Наваполацку гэта быў першы пікет для падтрымкі патэнцыйнага кандыдата. Мікалай Статкевіч гаворыць, што адмыслова прыехаў падтрымаць аднадумца:

Мікалай Манохін і Мікалай Статкевіч

Мікалай Статкевіч з удзельнікамі пікету

«Народная грамада» прыняла рашэньне не вылучаць сваіх кандыдатаў. Некаторыя гатовы пайсьці на выбары ў якасьці вылучэнцаў ад ідэйна блізкіх партый. Але я такога не зраблю, бо я старшыня, хоць ЦВК адмовіўся зарэгістраваць маю ініцыятыўную групу. Пасьля таго, як гэта здарылася, мы пастанавілі, што нашы сябры могуць браць удзел у выбарах самастойна. І мы будзем сачыць за кампаніямі нашых аднадумцаў, адзін зь іх — гэта навапалачанін Мікалай Манохін. І тут я атрымліваю пра яго такую жахлівую інфармацыю! Лічу, што такія выпадкі трэба абавязкова рабіць публічнымі, каб пра гэта ведалі і ў Беларусі, і ў замежжы. Калі сюды прыедуць міжнародныя назіральнікі, мы абавязкова паведамім ім пра гэты інцыдэнт. І няхай бандыты і злачынцы пра гэта ведаюць — што мы будзем бараніць нашых сяброў. І яшчэ няхай яны ведаюць, што такім чынам не дапамагаюць, а падкладаюць сьвіньню дзейнай уладзе. Было б усё ціха і спакойна, знадворку нават дэмакратычна, каб не падобныя выпадкі! Што да Мікалая Манохіна, то я знаёмы зь ім недзе зь зімы, гэта новы твар у палітыцы, талковы хлопец, і я ўсьцешаны, што ў нас зьяўляюцца такія маладыя людзі”.

Зьбіраюць подпісы

Зьбіраюць подпісы

Паводле Мікалая Статкевіча, пацярпелыя ня хочуць зьвяртацца ў міліцыю, бо яны дужа спалоханыя, і ня хочуць працягу нападаў. Ніхто зь іх ня ведае нават крыху, якія структуры ці асобы маюць да гэтага дачыненьне.

Сытуацыя, якая склалася вакол блізкіх людзей Мікалая Манохіна, істотна паўплывала на ягоныя пляны — быў адкладзены збор подпісаў. Паводле прэтэндэнта на ўдзел у выбарах, ён мусіў прыняць адказнае рашэньне на гэты конт, бо пытаньне тычылася жыцьця і здароўя сваякоў. Хлопец гаворыць, што па-сур’ёзнаму пачалі зьбіраць подпісы толькі з учорашняга дня, але некалькі соцень ужо сабрана.

Аднадумцы Мікалая Манохіна рыхтуюцца да пікету

Аднадумцы Мікалая Манохіна рыхтуюцца да пікету

Радыё Свабода