Навіны

Зьміцер Дашкевіч на волі

Лідэр «Маладога фронту» быў вызвалены з гарадзенскай турмы 28 жніўня ў 6.20 раніцы. Каля варотаў турмы Зьмітра Дашкевіча сустракала ягоная жонка — Наста, журналісты і сябры, якія чакалі яго ўсю ноч. Першае відэа і фоты.

Глядзець відэа Зьміцер Дашкевіч на волі. Першае відэа (28.08.2013)

Глядзець відэа Дашкевіч: “На дарожку сказалі, што камера для мяне заўсёды знойдзецца

Падчас імправізаванай прэс-канфэрэнцыі, якая адбылася на рагу вуліц Гараднічанскай і Кірава Дашкевіч заявіў, што адчувае сябе здаровым, ён падзякаваў усім за падтрымку, якую адчуваў за кратамі і заявіў, што плянуе працягваць сваю ранейшую дзейнасьць.

Ён сказаў, што гэтую апошнюю ноч перад вызваленьнем правёў спакойна, без напружаньня, бо сыстэма «ўжо добра вышкаліла яго».

Зьміцер Дашкевіч на волі Зьміцер Дашкевіч на волі Зьміцер Дашкевіч на волі Зьміцер Дашкевіч на волі Зьміцер Дашкевіч на волі Зьміцер Дашкевіч на волі Зьміцер Дашкевіч на волі Зьміцер Дашкевіч на волі Зьміцер Дашкевіч на волі Зьміцер Дашкевіч на волі Зьміцер Дашкевіч на волі Зьміцер Дашкевіч на волі

Пра стаўленьне да сябе ў турме Дашкевіч распавёў, што адміністрацыі розных турмаў спрабавалі выкарыстоўваць зьняволеных дзеля таго, каб яны ўплывалі на яго, але пераважна паўсюль ён атрымліваў падтрымку.

Дашкевіч: «Падтрымоўвалі асуджаныя і нават прадстаўнікі адміністрацыі, бо ўсе чытаюць незалежныя СМІ. І я хацеў бы падзякаваць журналістам і тым людзям у гарадзенскай турме, зь кім я мог перасякацца, і ў іншых турмах, а таксама супрацоўнікам, бо нехта мог падтрымаць словам, нехта мог прынесьці гарачай гарбаты альбо яблык. Канешне, не магу сказаць, дзе гэта было і хто гэта быў, але гэтыя людзі ведаюць, і я ім вельмі ўдзячны. Прыйдзе час і я ім асабіста падзякую».

Не хавала радасьці і жонка Зьміцера Дашкевіча — Наста:

«У мяне супэрскія адчуваньні зараз, самыя лепшыя, я рада, што ўсё добра, я рада яго бачыць, як па мне дык ён цудоўна выглядае, а таму ўсё добра».

Цэлую ноч побач з турмой чакалі Зьміцера Дашкевіча ягоныя сябры і паплечнікі. Мы размаўляем у гадзіну ночы каля брамы турмы. Я пацікавіўся ў маладой дзяўчыны, што яе прывяло сюды, каб усю ноч ня спаць і чакаць вызваленьня Дашкевіча?

Дзяўчына: «Як любы сябра, асабліва, калі ты пачуваешся адным цэлым у вялікай сям’і і робіш агульную справу, натуральна, павінен у любы цяжкі момант апынуцца разам. А Зьміцер Дашкевіч адбыў у вязьніцы ўжо тры гады і вось сёньня ён выходзіць, таму, натуральна, што мы павінны быць побач».

Да нашае размовы далучаецца хлопец і кажа, што ён павінен быў ісьці на працу, але дзеля сустрэчы з Дашкевічам замяніўся, каб сустрэць свайго сябра, каб ён адчуў падтрымку.

Хлопец: «Дашкевіч — гэта чалавек, які адказвае за свае словы і свае ўчынкі. І тое, што ён тут сядзеў і мы яго тут сустракаем — гэта пацьвярджэньне таму, што ён ня здрадзіў сваім ідэям, хаця, думаю, што мог бы і не сядзець тут, калі б пайшоў на саступкі і супрацу з рэжымам. Але гэта чалавек, за якім ідуць людзі, бо ён калі кажа, то робіць і за ўчынкі адказвае. І гэта яго ня першая адсідка, але, спадзяюся, што апошняя».

Зьміцер Дашкевіч быў затрыманы — паводле афіцыйнай вэрсіі — за хуліганства напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў 2010 года і асуджаны на 2 гады пазбаўленьня волі. Аднак у 2012 годзе выязным судом ён быў асуджаны да яшчэ аднаго году зьняволеньня, нібыта, за непадпарадкаваньне супрацоўнікам міліцыі.

Наста Дашкевіч аб’явіла журналістам, што 29 жніўня а 12-й гадзіне ў сядзібе БНФ ў Менску адбудзецца прэс-канфэрэнцыя Зьміцера Дашкевіча.

Міхал Карневіч, Радыё Свабода