ЗША ўвялі санкцыі супраць «Газпрома», «Лукойла» і «Ашчадбанка»
Улады ЗША абвясцілі аб уваходжанні ў дзеянне новых санкцыяў у дачыненні да расейскіх кампаній.
У апублікаваны сёння Упраўленнем кантролю за замежнымі актывамі OFAC пры Мінфіне ЗША спіс упершыню патрапілі «Газпром», ЛУКОЙЛ, «Транснафта», «Газпром нафта» і «Сургутнафтагаз».
Санкцыі, уведзеныя супраць нафтагазавых кампаній, забараняюць пастаўляць ім тавары і тэхналогіі, неабходныя для асваення радовішчаў нафты на глыбакаводных участках і арктычным шэльфе, а таксама ў сланцавых пластах, паведамляе РБК.
Акрамя таго, у чорным спісе згадваецца шэраг расейскіх банкаў – Ашчадбанк, «Банк Масквы», Газпромбанк, НОВАТЭК, «Раснафта», Рассельгасбанк, Знешэканамбанк, ВТБ.
У адпаведнасці з ізноў уведзенымі абмежаваннямі грамадзянам і кампаніям ЗША забаронена купляць аблігацыі вышэйназваных расейскіх банкаў, з тэрмінамі звароту звыш 30 дзён, а таксама выдаваць ім крэдыты.
Пад санкцыі трапіла дзяржкарпарацыя «Растэх» і шэраг прадпрыемстваў абароннага-прамысловага комплексу:
- Канцэрн СПА «Алмаз Антэй»;
- ААТ «Навукова-даследчы інстытут прыборабудавання імя В. В. Ціхамірава» – галаўное расейскае навукова-даследчае прадпрыемства ў распрацоўцы сістэм кіравання ўзбраеннем самалётаў-знішчальнікаў і мабільных зенітных ракетных комплексаў;
- ААТ «Машынабудаўнічы завод імя М. І. Калініна» – вытворца вайсковай тэхнікі, спецыялізуецца ў вытворчасці пускавых установак і зенітных кіруемых ракет;
- Мыцішчанскі машынабудаўнічы завод – выпускае гусенічныя шасі зенітных ракетных комплексаў сярэдняй далёкасці Бук М1-2, Бук М2, Тор-М1 і зенітнага гарматна-ракетнага комплексу малой далёкасці Тунгуска М1;
- Доўгапрудненкае навукова-вытворчае прадпрыемства – вытворца ўзбраенняў для сродкаў СПА, распрацоўвае і вырабляе зенітныя кіраваныя ракеты сярэдняй далёкасці ЗРК «Бук-M1», «Бук-М1-2», «Бук-2» і ЗРК тыпу «Штыль». ДНПП серыйна вырабляе сістэмы авіяцыйнага ўзбраення і ўстаноўкі стралкова-гарматнага ўзбраення.
Раней сёння новы пакет санкцый супраць Расеі, якія закранулі нафтавую галіну, авіябудаванне і абаронны комплекс, апублікавалі ўлады Еўразвяза. У прыватнасці, ЕЗ увёў новыя санкцыі супраць Ашчадбанка, ВТБ, Газпромбанка, ЗЭБ і Рассельгасбанка. З 1 жніўня 2014 усім грамадзянам і кампаніям Еўразвяза забаронена купляць або прадаваць выпушчаныя гэтымі расейскімі банкамі новыя акцыі, аблігацыі або «падобныя фінансавыя інструменты» з тэрмінам абарачэння больш за 90 дзён. У адпаведнасці з новым дакументам спіс абмежаванняў значна пашыраны – рэзідэнтам ЕЗ забаронена аказваць вышэйназваным расейскім банкам інвестыцыйныя паслугі, акрамя таго, яны не змогуць здзяйсняць аперацыі з новымі выпускамі аблігацый і іншых каштоўных папер, выпушчаных пачынаючы з 12 верасня 2014 г. з тэрмінамі звароту звыш 30 дзён.
Пад новыя санкцыі патрапілі таксама «Раснафта», «Транснафта», «Газпромнафта», «Уралвагонзавод», Аб\’яднаная авіяцыйная карпарацыя і холдынг «Абаронпрам». Грамадзянам краін ЕЗ і еўрапейскім кампаніям забаронена здзяйсняць аперацыі з іх каштоўнымі паперамі тэрмінам звароту звыш 30 дзён. Таксама гэтым кампаніям забароненыя аперацыі з рахункамі ў еўрапейскіх банках, інвестыцыйныя кансультацыі, кіраванне партфельнымі інвестыцыямі і арганізацыя размяшчэння каштоўных папер.
Дзевяці прадпрыемствам абаронна-прамысловага комплексу Расеі ўлады ЕЗ забаранілі пастаўляць тавары і тэхналогіі падвойнага прызначэння.