Беларускі Нацыянальны Кангрэс

ЗВАРОТ РАДЫ БНК "Змусім уладу слухаць народ"

Мікалай Статкевіч на сваёй старонцы ў Фэйсбуку размясціў Зварот Рады БНК да 1-га мая. Друкуем тэкст звароту без зменаў:

ЗВАРОТ РАДЫ БНК “Змусім уладу слухаць народ”

“Мафія ва ўладзе зноў спрабуе кампенсаваць правалы сваёй дапатопнай эканамічнай палітыкі за кошт народа.

“Сацыяльная дзяржава” ператворана ў фікцыю. Скарочваюцца працоўныя месцы, але пры гэтым расце пенсійны ўзрост. Сотні тысяч людзей, каб пракарміць сем\’і, мусяць шукаць заробкаў на чужыне. Павышаецца плата за жыллёва-камунальныя паслугі, асабліва ў інтэрнатах. У буйных гарадах размяшчаюцца, яўна не “за так”, забароненыя ў нармальных краінах небяспечныя вытворчасці.

Прынята новая версія дэкрэту аб “дармаедах”, пад які могуць трапіць сем\’і паўтарох мільёнаў беларусаў, вымушаных працаваць у іншых краінах. Па гэтаму дэкрэту камісіі з раённых чыноўнікаў маюць цяпер права на гады знявольваць беспрацоўных у ЛТП без права абскарджвання.

Людзей хочуць прымусіць працаваць на ўладу за капейкі. Ды яшчэ трымаць іх у пакоры на кантрактным ланцугу. Бо незаконная ўлада баіцца толькі масавых пратэстаў.

Наперадзе дзяржаўнае свята – Дзень Працы 1 мая. Першамай ад пачатку быў днём барацьбы людзей за свае правы. Афіцыйныя прафсаюзы разам з мясцовымі ўладамі арганізуюць у гэты дзень масавыя святочныя мерапрыемствы.

Беларускі Нацыянальны Кангрэс заклікае грамадзян скарыстацца дазволенымі мерапрыемствамі, каб у Дзень Працы заявіць уладзе пра наша права на годнае жыццё – на нармальную працу з нармальным заробкам, на дастатковую пенсію, на чыстую ваду і паветра. Вернем Першамаю яго сапраўдны сэнс.

Выйдзем на афіцыйныя святочныя мерапрыемствы са сваімі патрабаваннямі, плакатамі і сцягамі. Публічна заявім пра свае праблемы. Толькі гэтак можна прымусіць уладу пачуць нас і спыніць здзеклівыя эксперыменты над народам.

Уладу – народу!
Жыве Беларусь!”