Навіны

Алесь Бяляцкі: Беларускі рэжым шукае выгаду ў бядзе ўкраінцаў

Напярэдадні сустрэчы Пятра Парашэнкі, кіраўніцтва МС і ЕС у Мінску ўлады правялі арышты актывістаў апазіцыі: актывіста «Маладога Фронту» Зміцера Крамянецкага міліцыянты забралі проста з дому, а актывіста «Змены» Паўла Вінаградава абвінавацілі ў дробным хуліганстве і пасадзілі на 10 сутак.

Вядомы беларускі праваабаронца, былы палітвязень Алесь Бяляцкі сказаў рэдакцыі сайта charter97.org, што гэтыя арышты ярка прадэманстравалі, што «хапальныя рэфлексы» рэжыму спрацоўваюць нават на вачах у прадстаўнікоў дэмакратычнай грамадскасці Еўрасаюза, а Лукашэнка бессаромна выкарыстоўвае няпростую сітуацыю ва Украіне толькі дзеля ўласнай выгады: для паляпшэння сваёй пазіцыі на міжнароднай арэне.

– Фон гэтай сустрэчы быў афарбаваны ў старыя колеры – адбыліся затрыманні грамадзянскіх актывістаў. Гэта, вядома, вельмі негатыўна. Гэтыя затрыманні яшчэ раз паказваюць, што ў Беларусі нават падчас прыезду высокіх чыноўнікаў Еўрасаюза ўлады не збіраюцца нічога змяняць да лепшага хоць бы для выгляду. Па вялікім рахунку, гэтыя затрыманни не мелі ніякага сэнсу. Відавочна, што, затрымаўшы некалькі чалавек, улады карэнным чынам нічога не змянілі, але гэты «хапальны рэфлекс» падчас нейкіх сур\’ёзных мерапрыемстваў у Мінску, як ні дзіўна, спрацаваў і падчас прыезду прадстаўнікоў еўрапейскага дэмакратычнага грамадства.

– Чаму Мінск – не лепшае месца для перамоваў паміж Расіяй і Украінай?

– Арышты апазіцыі выклікаюць пэўнае расчараванне і скептыцызм да месца правядзення гэтай сустрэчы. Прычым гэта падкрэслівае той факт, што месца правядзення сустрэчы было абрана не вельмі ўдала і Беларусь не можа выконваць функцыю нейтральнай краіны. Існуюць і іншыя важныя прычыны. Перш за ўсё, гэта палітычная залежнасць беларускага рэжыму ад расійскіх уладаў, і казаць пра нейкую нейтральнасць беларускіх уладаў абсалютна не выпадае. Усё кажа аб тым, што яны з\’яўляюцца марыянеткамі ў руках Крамля і выконваюць пэўную функцыю, якую ім Крэмль вылучыў у гэтым драматычным і трагічным спектаклі, які зараз адбываецца.

– Якую выгаду шукаў Лукашэнка, узяўшы на сябе гэтую ролю «міратворца» у рэгіёне?

– Мне горка было бачыць, як гэтая сітуацыя была скарыстаная беларускімі ўладамі на сваю карысць, без усялякіх зменаў і без усякіх паляпшэнняў унутранага становішча ў краіне. На жаль, з гэтым даволі няхітрым, але ў той жа самы час відавочна прадуманым ходам з боку беларускіх уладаў пагадзіліся і чыноўнікі Еўрасаюза, і кіраўніцтва Украіны. Нічога ў Беларусі не сведчыць пра тое, што сітуацыя з дэмакратыяй, з правамі чалавека, з нейтральнасцю, з аб\’ектыўнасцю Беларусі падчас міжнародных канфліктаў палепшылася.

– Некаторыя ўкраінскія эксперты лічылі, што няма нічога дрэннага ў правядзенні дыпламатычных сустрэч з удзелам Парашэнкі ў Мінску. Дзе, на вашу думку, павінна была прайсці падобная сустрэча?

– Мне здаецца, гэта недальнабачная палітыка Украіны ў дачыненні да рэжыму Лукашэнкі. У свеце хапае сапраўды нейтральных дзяржаў, з ходу я магу назваць Швейцарыю, якая ўжо стагоддзямі выконвае функцыю перамоўнай пляцоўкі для правядзення падобных сустрэч. І мне здаецца, што беларускія ўлады выкарыстоўвалі гэтую сітуацыю, не змяняючы сваёй аўтарытарнай пазіцыі, каб палепшыць сваю пазіцыю на міжнароднай арэне.

Нагадаем, 24 лістапада 2011 суд прызнаў Алеся Бяляцкага вінаватым праваабаронцы ва ўтойванні даходаў у асабліва буйным памеры і прыгаварыў да 4,5 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасці. Падставай для крымінальнага пераследу Бяляцкага стала наяўнасць у яго рахункаў у банках Літвы і Польшчы. Суд не ўлічыў, што паступаюць на іх грошы выкарыстоўваліся для праваабарончай дзейнасці, а адкрыць рахункі ў Беларусі немагчыма, бо «Вясна» працуе нелегальна. Улады неаднаразова адмаўлялі ў афіцыйнай рэгістрацыі арганізацыі.

Праваабаронцу вызвалілі па амністыі 21 чэрвеня 2014 г. пасля амаль трох гадоў у папраўчай калоніі. Тры гады запар Бяляцкі вылучаўся прэтэндэнтам на Нобелеўскую прэмію міру, а таксама ён афіцыйна быў прызнаны вязнем сумлення.

spring96.org