Шпацыр па граблям
З ліста ад 15.06.2022
“З тых урыўкаў інфармацыі, што маю, складваецца ўражанне, што ёсць заходнія палітыкі, якія спрабуюць зноў запусціць санкцыйна-лібералізацыйныя арэлі, скарыстаўшы нагодай зерневы крызіс. Нават калі дойдзе да гандлю, неабходна ведаць, што яго галоўным аб’ектам можа быць толькі пытанне сумленных выбараў. Бо гэта галоўная прычына канфлікта ўлады і грамадства. Дарэчы, не памятаю велічыню агульнасусветнага гадавога ўраджаю зерневых. Ці не каля мільярда тон толькі па пшаніцы? І што там складаюць 20 млн тон ад яго?
Адчуванне, што некаму падабаецца шпацыр па граблям. А мы ў выніку апынаемся на спіралі, якая спускаецца ўніз, да поўнай дэградацыі краіны.
Расійскія прапагандысты пачалі казаць, што Расію палітычна выштурхоўваюць з Еўропы. На мой погляд, гэта Расія зараз выштурхоўвае сябе з Еўропы. А таксама выцісквае Еўропу з сябе.
Калі прыняць за праўду штучную і кульгавую канцэпцыю “еўразійства”, то пасля завяршэння працэсу “выціскання Еўропы” павінна застацца толькі Азія. Да чаго з улікам дэмаграфічных, міграцыйных тэндэнцый ды вайны з Еўропай усё ідзе. Бо без апоры на сваіх заходніх суседзяў Расія не ўтрымае значную частку сваіх усходніх тэрыторый. А то і горш. Былі ж цэлыя стагоддзі, калі нашы продкі называлі ўсе землі на ўсход ад Бранска, Смаленска і Пскова “Татарыяй”.”
Мікалай Статкевіч, Гомель, СІЗА №3
Паводле слоў спадарыні Марыны Адамовіч, лісты ад Мікалая ідуць няроўна, іншы раз – «пачкамі». І, канешне, апошнім часам Статкевіч, якога зараз утрымліваюць у СІЗА Гомеля, шмат разважае пра падзеі ва Украіне.