“Прызнанне” аб “злачынстве”
З ліста ад 30.06.2022
“Я дагэтуль знаходжуся ў каранціннай камеры. Адчуваю сябе добра. Аднавіў заняткі фізкультурай. Тут дагэтуль яшчэ не прынятае рашэнне па маёй заяве “аб пагрозе… ад супрацоўнікаў”. Спрабуюць мяне адгаварыць ад яе. Учора даваў на гэты конт тлумачэнні начальніку калоніі. Патлумачыў, што маіх сукамернікаў сістэматычна прымушаюць напісаць заяву пра маё, нібыта прызнанне ім у “злачынстве”. Як я зразумеў, першая “справа” па арт. 342 была заведзена па заяве майго сукамернікаў ў ЦІПе. Другая “справа” па ч.2 арт. 293 была заведзена па заяве майго сукамернікаў на “Валадарцы”. Зараз такія заявы могуць быць выкарыстаны для ўзбуджэння “спраў” ужо супраць маіх знаёмых. Арышты ж не спыняюцца.
І ты памятаеш, як восенню 2011 года ў Шклове адзін арыштант прызнаўся мне, што яго прымусілі напісаць заяву пра маё “прызнанне” аб “злачынстве”, нібыта ўчыненым табой. Не ведаю, ці гэты чалавек сумленна прызнаўся, ці то яго выкарысталі для ціхага шантажу. Але я тады перадаў табе інфармацыю пра грубы шантаж, а публічнасці зрабіла гэтую правакацыю немагчымай. Таму зараз, хоць я і не маю ніякіх арыштанцкіх “праблем”, мушу сядзець адзін. Хоць мне тут ужо і пагражалі пакараннем. Ледзь не запамятаў – пастаўлены на ўлік, як “экстрэміст”
….
Дзякуй за навіны з Украіны. Ну, я табе ўжо казаў, што неўзабаве лінія фронта там стабілізуецца. Прынамсі восенню – з вялікай верагоднасцю”.
Мікалай Статкевіч, ПК №13 г. Глыбокае
Паводле слоў спадарыні Марыны Адамовіч, лісты ад Мікалая ідуць няроўна, іншы раз – «пачкамі».