Выбары

Цэнтарвыбаркам зарэгістраваў ініцыятыўныя групы Лукашэнкі, Калякіна і Гайдукевіча

17 ліпеня Цэнтральная выбарчая камісія на сваім паседжаньні зарэгістравала ініцыятыўныя групы трох першых прэтэндэнтаў на пасаду прэзыдэнта Беларусі на выбарах 2015 года. 

Права зьбіраць галасы выбарцаў у падтрымку патэнцыйных кандыдатаў атрымалі дзейны кіраўнік дзяржавы Аляксандар Лукашэнка, лідэр партыі «Справядлівы сьвет» Сяргей Калякін і старшыня Лібэральна-дэмакратычнай партыі Сяргей Гайдукевіч.
На фота: Рэгістрацыя ініцыятыўных групаў у ЦВК падчас мінулых прэзыдэнцкіх выбараў. 27.09.2010.

Падчас паседжаньня адзначалася, што ўсе названыя кандыдаты перадалі ў ЦВК неабходныя дакумэнты «высокай якасьці».

Наступнае паседжаньне Цэнтарвыбаркаму, на якім разгледзяць заявы іншых прэтэндэнтаў, заплянаванае на панядзелак, 20 ліпеня.

Ініцыятыўная група кожнага кандыдата павінна сабраць як найменей 100 тысяч подпісаў грамадзян Беларусі, якія валодаюць выбарчым правам.

Збор подпісаў пачнецца для ўсіх прэтэндэнтаў адначасова — з 23 ліпеня і будзе працягвацца па 21 жніўня ўключна.

Уладзімер Глод, Радыё Свабода