Мікалай Статкевіч: Акцыя пратэсту ІП павінна прайсці ля адміністрацыі Лукашэнкі
Лідар беларускай апазіцыі прапанаваў прадпрымальнікам план легальнай акцыі пратэсту.
На думку Мікалая Статкевіча, толькі ў такім выпадку ўлады пойдуць на перамовы і саступкі прадстаўнікам малога бізнэсу. Пра гэта палітык заявіў у інтэрв\’ю сайтуcharter97.org, каментуючы вынікі праведзенага ў Менску Форуму прадпрымальнікаў.
– Некаторыя ІП звярнуліся да мяне з прапановай узяць удзел у сённяшнім мерапрыемстве. Я патэлефанаваў арганізатару Форуму прадпрымальнікаў – кіраўніку аб\’яднання «Перспектыва» Анатолю Шумчанку і паведаміў пра тое, што хацеў бы выступіць. Ён адказаў, што гэта прывядзе да палітызацыі і можа пашкодзіць развязанню праблемы, – распавёў Мікола Статкевіч. – Мы дамовіліся аб тым, што я падыду да канца Форуму, калі юрыдычна ён скончыцца і пагавару з тымі, хто хоча мяне пачуць.
Я так і зрабіў і сустрэўся з невялікай групай прадпрымальнікаў. Мы абмеркавалі, што можна зрабіць.
Думаю, што прадпрымальнікі маюць права на пратэст. Зразумела, што цяпер, калі ўлады кінулі ім костку ў выглядзе абяцання перамоваў, шмат хто будзе чакаць іх сканчэння і вынікаў. Але пратэставаць можна ўжо цяпер. Важна, каб гэтыя дзеянні былі ўзгодненыя. Калі адзін заклікае рабіць гэта 16 студзеня, а другі – 18 студзеня, а трэці раіць рыхтаваць «марш на Дразды», то гэта проста заблытвае сітуацыю. Ініцыятары акцый пратэсту – а яны вядомыя – павінны сустрэцца і дамовіцца.
Калі перамовы паміж уладамі і прадпрымальнікамі ні да чаго не прывядуць, то я гатовы дапамагчы, бо гэтая праблема тычыцца мільёнаў беларусаў, якія куплялі танныя тавары на рынках. Мая прапанова – легальна сабрацца каля адміністрацыі Лукашэнкі. Там ёсць прыёмная. Кожнаму ўдзельніку акцыі трэба мець на руках заяву, якую ён хоча перадаць у адміністрацыю. Фактычна гэта будзе масавая акцыя – дзёрзкая, але законная, бо яна не патрабуе ніякіх санкцый і дазволаў. За яе немагчыма прыцягнуць да адказнасці.
Я публічна агучваю гэтую прапанову для таго, каб улады разумелі, якая ў яе ёсць альтэрнатыва перамоваў і саступак. Калі прадпрымальнікі падтрымаюць гэтую ідэю, то застаецца назваць час і дзень акцыі.
Нагадаем, што з 1 студзеня 2016 г беларускія ІП масава спынілі гандаль. З гэтай даты, згодна з указам Лукашэнкі №222, прадпрымальнікі не змогуць прадаваць тавары лёгкай прамысловасці, увезеныя з краін Мытнага саюза, без сертыфікатаў. Да 1 студзеня 2016 года ім надавалася права рэалізаваць рэшткі тавараў, увезеных да 1 ліпеня 2014 года ў Беларусь без суправаджальных дакументаў, паводле зарэгістраваных у падатковых органах вопісаў рэшткаў.
Сёння ў Менску прайшоў «антыкрызісны» Форум прадпрымальнікаў. Ён сабраў каля паўтары тысячы прадстаўнікоў малога бізнэсу. На форум з\’ехаліся работнікі рынкаў з Менска, Гомеля, Берасця, Віцебска, Магілёва, Барысава, Жлобіна, Слуцка, Полацка, Наваполацка, Оршы, Слоніма, Маладзечна, Быхава, Бабруйска, Светлагорска, Асіповічаў, Мазыра, Добруша, Ліды, Чэрвеня, Заслаўя, Ваўкавыска. Прадпрымальнікі чарговым разам заклікалі ўлады скасаваць указ №222 і пастанову №666.