Як Статкевіч упершыню спаткаўся з Лукашэнкам

Дэпутаты з Магілёўшчыны актыўна выступалі ў Вярхоўным Савеце за мараль, а ў перапынках разглядвалі фатаграфіі голых дзяўчат у газетах. Сярод гэтых дэпутатаў шчыраваў малады мужчына з залысінаю – будучы кіраўнік Беларусі, адзначыў у размове з «Белсатам» былы палітвязень Мікалай Статкевіч.

У верасні 1991 чалец Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі Мікалай Статкевіч атрымаў пропуск у Вярхоўны Савет, бо супрацоўнічаў з камісіяй ВС у пытаннях абароны. Палітычны дзеяч падрыхтаваў некалькі законапраектаў, якія збіраўся выставіць на абмеркаванне. Дэпутаты тады сядзелі паводле сваіх вобласцяў.

«Сядзіш з прадстаўнікамі Менску – там наменклатура, апазіцыя. Нармальная атмасфера. Як толькі сядзеш, да прыкладу, да людзей з Магілёўскай вобласці, галава пачынае балець. Бачыш тоўстыя патыліцы старшыняў калгасаў. Выступаюць за мараль, кляймяць Захад, а пазней выцягваюць газеты пра секс «Двое», што ў Рызе выдавалася, і пачынаюць голых дзяўчат разглядаць», – распавёў Мікалай Статкевіч.

Сярод дэпутатаў з Магілёўшчыны надзвычай шчыраваў малады мужчына з залысінай, які ўвесь час бегаў ды кіраваў землякамі, прычым тыя яго слухаліся. Гэтым мужчынам быў Аляксандр Лукашэнка, які пазней стане кіраўніком Беларусі. Мікалай Статкевіч вырашыў з ім паразмаўляць, каб той не «заваліў» законапраектаў вайскоўца.

«Я падышоў да яго і кажу : такія законапраекты, прашу падтрымаць. Ён паглядзеў на мяне настолькі падазрона, як быццам я з бомбай падышоў. Вельмі насцярожаны мужчына. Ён пазней палымяна выступіў ды праваліў усе гэтыя законапраекты, якія выносілі на галасаванне чатыры разы», – заўважыў Мікалай Статкевіч.

Размова з адным з самых вядомых апазіцыйных палітыкаў Мікалаем Статкевічам, які не пабаяўся кінуць выклік Лукашэнку, глядзіце ў цыкле «Справа Статкевіча» на «Белсаце» ў пятніцу-нядзелю, 8-10 студзеня, а 21:00.

Максім Ярашэвіч, belsat.eu