Мікалай Статкевіч: Рэжым стаў вельмі нахабным пасля скасавання санкцый
Улада больш за паўгода чакала высноў еўрапейскіх чыноўнікаў, каб пачаць пагражаць лідарам апазіцыі.
Пра гэта сайту charter97.org заявіў адзін з лідараў беларускай апазіцыі, былы палітвязень Мікалай Статкевіч, каментуючы пастановы судовых выканаўцаў абарышце мабільнага нумара і аўтамабіля ў Анатоля Лябедзькі.
– Ці давялося вам сутыкнуцца з такімі ж пастановамі судовых выканаўцаў, як у дачыненні Лябедзькі, і як вы пракаментуеце такія дзеянні ўладаў?
– Улада хоча запалохаць арганізатараў і шэраговых удзельнікаў вулічных акцый. Я заяўляю адкрыта: я не «спазняюся» плаціць штрафы, я іх проста не буду плаціць.
Вядома, яны паспрабуюць націснуць. На маё імя не зарэгістравана ніякай маёмасці, таму яны даслалі маёй жонцы такі ж ліст, як і Анатолю Лябедзьку: пра тое, што яе аўто могуць канфіскаваць як «супольна нажытую маёмасць».
Я прадбачыў такое развіццё падзей. Той, хто прэтэндуе на лідарства, павінен быць гатовы да ўсяго і перакрываць уладам магчымасці ціснуць на сябе. Першае, з чаго яны пачынаюць – гэта маёмасць. У іх у падручніках пра гэта напісана: першае, чым можна «праверыць» чалавека – гэта ягонай рэакцыяй на пазбаўленне маёмасці.
Таму ніякай маёмасці на мяне не зарэгістравана. Падчас апошняга выкліку ў РАУС, ведаючы, што там будуць судовыя выканаўцы, я прынёс ім усе дакументы, якія пацвярджаюць адсутнасць у мяне маёмасці, у тым ліку сведчанне таго, што аўтамабіль быў падораны жонцы сынам, а не «супольна нажыты».
Мне таксама пагражалі адключэннем мабільніка, але пры гэтым настойліва рэкамендавалі, каб дома «працаваў гарадскі тэлефон». Але я адказаў, што карыстаюся толькі мабільным, і калі хочуць пазбавіць сябе магчымасці выклікаць мяне ў суды – хай адключаюць.
Усе гэтыя спробы ціску выглядаюць проста смешна ў параўнанні з тым, што я прайшоў за апошнія пяць гадоў. Ніякіх штрафаў, якія я ўважаю за незаконныя, я аплачваць не буду. А калі хочуць арыштаваць мае грошы на мабільным – калі ласка, толькі пазбавяць мяне ад свайго спаму з «выклікамі» ў суд.
Тут нельга даваць «слабіну»: спыніць лавіну рэпрэсій мы можам толькі не супрацоўнічаючы з уладай і не плацячы ёй грошай. І лідары павінны паказваць у гэтым прыклад.
– З рэжыму нядаўна былі знятыя санкцыі, і вось на гэтым фоне ў лідараў апазіцыі пачынаюцца арышты грошай і маёмасці… Што вы можаце сказаць на гэты конт?
– Ад мяне цяпер патрабуюць аплаціць штрафы за акцыі, якія я правёў у верасні і кастрычніку мінулага года. Улады чакалі больш за паўгода, пакуль з іх здымуць санкцыі і ў Беларусь паедуць высокапастаўленыя еўрапейскія чыноўнікі, каб перайсці да такіх дзеянняў.
Раней я на іх SMS пра суды і штрафы наогул не звяртаў увагі, а цяпер яны наважыліся перайсці да выканання. Чаму менавіта цяпер? Таму што ўбачылі, што іх «новыя партнёры» не рэагуюць на гэта. Улады будуць прадаўжаць нахабна намацваць мяжу, за якой можа скончыцца цярпенне Захаду. Гэта будзе прадаўжацца, пакуль ЕЗ не пачне больш жорстка выказваць свой пратэст супраць таго, што адбываецца ў Беларусі.
Гэта ўжо пытанне сумлення і годнасці еўрапейскіх палітыкаў, якія кантактуюць з рэжымам Лукашэнкі. А маё сумленне і годнасць у тым, каб займаць прынцыповую пазіцыю і не даваць грошай на ўтрыманне банды, якая захапіла нашу краіну. Ад мяне яны нічога не дачакаюцца. Палохаць чалавека, які апошнія пяць гадоў правёў у турме, адключэннем мабільніка і забаронай на выезд за мяжу – гэта проста смешна.