Палітыка

Канец “незалежнай” дыктатуры

Дыктатура – вельмі затратная сістэма ўлады, бо кантроль над народам каштуе вельмі шмат, а несвабодная эканоміка стварае найперш убыткі. Таму для стабільнага існавання дыктатурам неабходны вялікія рэсурсы. Значныя радовішчы нафты, напрыклад. Альбо шматлікая пакорлівая “чалавечая нафта”, як у Паўночнай Карэі.

У Беларусі няма вялікіх радовішчаў нафты. Пры спробе ператварыць насельніцтва ў “чалавечую нафту” яно пачынае разбягацца па суседнім краінам. Ніякімі “дэкрэтамі” выціснуць з беларусаў звышдаходы не атрымоўваецца. Акрамя як пасадзіць іх у калоніі ці ЛТП і там прымусіць працаваць за міску кашы і месца ў казарме. Але ж усіх туды не пасадзіш.

Таму эквівалентам нафты для беларускага дыктатара зрабіліся незагоеныя імперскія траўмы суседняй Расіі, якая больш за 20 год утрымлівала яго рэжым за абяцанкі “інтэграцыі”. Але зараз Масква вырашыла нарэшце атрымаць аплочанае.

Беларуская, пакуль фармальна “незалежная”, дыктатура пастаўлена Крамлём перад выбарам – альбо ператварэнне яе ў расійскую рэгіянальную дыктатуру, альбо спыненне датацый і – непазбежны крах. Што ў любым выпадку робіць канец “незалежнай” дыктатуры ў Беларусі непазбежным максімум праз некалькі год.

Мы не можам пакідаць выбар лёсу сваёй краіны Пуціну і Лукашэнку. Бо вядома, што выбярэ гэты “калгасны дыктатар”, апынуўшыся перад перспектывай страты ўлады, да якой ён адчувае маніякальную жарсць. Каб захаваць яе хоць у “абсечаным” выглядзе, ён пойдзе на чарговую здраду Беларусі. Яму ж не прывыкаць.

Калі мы массавымі пратэстамі не прымусім рэжым да дэмакратызацыі ці не адхілім дыктатара ад улады, ён непазбежна прадасць нашу краіну. Толькі воля і рашучасць патрыётаў здольныя прадухіліць паэтапнае паглынанне Беларусі, якое ў Крамлі сарамліва называюць “пабудовай саюзнай дзяржавы”.

Мікола Статкевіч, facebook.com