Абвінавачаны ў «справе графіцістаў»: Нам пагражае шэсць гадоў турмы

Ужо ў найбліжэйшы час у Беларусі могуць з\’явіцца новыя палітвязні.

Са слоў аднаго з абвінавачаных у «справе графіцістаў» Максіма ПякарскагаСледчы камітэт працягвае расследаванне. На мінулым тыдні ён зноў быў на допыце. Максім Пякарскі заявіў, што графіцісты не прызнаюць сваёй віны ў хуліганстве, паведамляе «Радыё Свабода».

«Двое з нас – пад падпіскай аб нявыездзе – я і Вадзім Жаромскі, мы адседзелі 20 сутак, – распавёў ён. – Вячаслаў Касінераў ляжаў у лякарні, яму зламалі сківіцу. Спачатку ён знаходзіўся пад вартай, а потым ахову знялі. Цяпер ён на волі і мае статус падазраванага. Ульяненку адпусцілі ў той жа вечар, ён таксама цяпер у якасці падазраванага. Нас выклікаюць даслоўна штодня на допыты, нам пагражае да шасці гадоў. Пастаянна ў іх узнікаюць пытанні, адкуль прыйшлі такія ідэі, робяць вочныя стаўкі паміж намі. На гэты момант справа не закрываецца, і невядома, да чаго яно прывядзе.

На сайце Следчага камітэта з\’явілася хлуслівая інфармацыя, што мы быццам бы прызналі сваю віну ў хуліганстве і пакаяліся. Гэта не так. Мы прызналі, што мы гэта зрабілі, намалявалі і кіраваліся не хуліганскімі намерамі, а творчымі пачуццямі, мы выказалі сваё меркаванне ў такім выглядзе, намаляваўшы графіці. І сваёй віны паводле 339 артыкула, другой частцы – «Хуліганства» – мы не прызнаем. Мы прызнаем, што сапсавалі маёмасць малюнкам. Але гэта было выключна з творчых памкненняў».

Таксама Максім Пякарскі адзначыў, што на фігурантаў справы вядзецца псіхалагічны ціск.

«Акрамя таго, што нас пастаянна выклікаюць у Следчы камітэт, невядомыя асобы двойчы пранікалі ў кватэру бацькоў, пакінулі на падлозе пасля сябе шмат слядоў ад абутку, некаторыя рэчы не былі на месцы, але нічога не знікла. Невядома, што рабілі там ці што шукалі. Сведкі распавялі нам, што бачылі ў гэты час каля дома аўтамабіль «Джылі» з нулявым рэгіёнам на нумарах. Як вядома, такія аўтамабілі і з такімі нумарамі належаць «сілавікам».

Нагадаем, 11 жніўня пяцёра хлопцаў былі жорстка затрыманыя за беларускамоўнае графіці і псаванне фарбай сацыяльнага білборда з выявай супрацоўнікаў міліцыі. 20 жніўня Следчы камітэт прад\’явіў абвінавачванні Максіму Пякарскаму і Вадзіму Жаромскаму паводле артыкула «Хуліганства, здзейсненае групай асобаў». 31 жніўня затрыманых вызвалілі пад падпіску аб нявыездзе і падпіску аб невыдаванні інфармацыі аб справе.