Адказ праз гады… Макалай Статкевіч адказаў Аляксандру Мілінкевічу

Амаль чатыры гады таму Мікалай Статкевіч публічна пракаментаваў прапановы Аляксандра Мілінкевіча аб неабходнасці дыялогу Еўрапейскага Саюза з беларускай уладай. Падаецца, што ў аргументах бакоў за гэты час нічога не памянялася.

Дакумент выклала на сваёй старонцы ў Фэйсбуку Марына Адамовіч.

Падаем яго без зменаў.

Рыхтую да выдання Міколавы артыкулы… Знайшла на старой флэшцы. Зараз не памятаю, ці было надрукавана, але пісалася для “Барысаўскіх навінаў” у чэрвені 2009 года.
Вам не здаецца, што і сёння актуальна? У аргументах бакоў так нічога і не памянялася… (((
Спадзяюся, Мікола не будзе супраць. Але ў тым, што ён знайшоўся менавіта зараз, ёсць нешта вельмі знакавае, я лічу. Яго тэкст амаль чатырохгадовай даўніны:

“Каментар да ліста А.Мілінкевіча

Галоўны рэдактар гзеты”Борисовские новости” Анатоль Букас прапанаваў мне пракаментаваць атрыманы ім ліст былога кандыдата ў прэзідэнты Аляксандра Мілінкевіча. Я занадта паважаю Анатоля Ўладзіміравіча за яго прафесіяналізм, мужнасць і прынцыповасць, каб адмовіць яму, нават, калі мой каментар некаму не спадабаецца.
Ліст спадара Мілінкевіча можна Ўмоўна падзяліць на тры часткі. У першай, прысвечанай аналізу міжнароднай сітуацыі вакол Беларусі, аўтар ліста крытыкуе ранейшую палітыку Езразвязу адносна нашай краіны, калі ад афіцыйнага Мінску патрабавалі дэмакратызацыі і хваліць новую палітыку дыялогу Еўропы з беларускімі ўладамі. У другой частцы ліста беларуская апазіцыя падзяляецца аўтарам на тых, хто змагаецца выключна супраць Лукашэнкі і тых, хто за еўрапейскі выбар Беларусі. Трэцяя частка ліста прысвечана адзінству беларускіх праеўрапейскіх сіл, якое павінна рэалізавацца з дапамогай Кангрэсу праеўрапейскіх сіл Беларусі, склікаць які прапануе аўтар. Мушу выказацца па кожнай з гэтых частак.

1). Аналіз стасункаў беларускіх ўладаў з Еўразвязам не ўзгадвае ранейшых беспаспяховых спробаў Захаду наладзіць дыялог з афіцыйным Мінскам. Чаго вартая спроба дыялогу, арганізаваная паслом АБСЕ Вікам. Усе гэтыя спрабы пацярпелі паразу не з-за недахопу “гнуткасці” у заходніх палітыкаў, а толькі таму, што расійскіх датацыяў тады яшчэ хапала на тое, каб наша неэфектыўная эканоміка трымалася на плыву. Але не гэтыя недакладнасці з’яўляюцца галоўнай хібай першай часткі ліста. Праблема ў тым, што аўтар не зрабіў аналізу сітуацыі ўнутры краіны, не адказаў на галоўнае пытанне, а ці здольны беларускі рэжым дэмакратызавацца пад уплывам Захаду? Ці здольны ён дэмакратызавацца ўвогуле? Бо менавіта ад адказу на гэтае пытанне і залежыць стратэгія апазіцыі.

2). Сфармуляваная А.Мілінкевічам для апазіцыі дылема “альбо ў Еўропу, альбо супраць Лукашэнкі” выглядае фальшывай без пераканаўчых доказаў, што дыялог з Еўразвязам здольны дэмакратызаваць Беларусь. Бо паспяховая еўраінтэграцыя немагчымая без усталявання ў краіне дэмакратыі. Аналіз палітыка-эканамічнай сістэмы Беларусі, зроблены Еўрапейскай кааліцыяй яшчэ два гады таму, паказвае, што ўсе асноўныя складальнікі гэтай сістэмы (дзяржаўная эканоміка, выбарчая сістэма, кантралюемыя СМІ, паслухмяны парламент і г.д.) узаемазвязаны, пераплецены паміж сабой, падтрымліваюць адзін аднога. Спробы дэмакратызаваць нават адзін са складальнікаў вядуць да развала ўсёй сістэмы. Так, уведзеная Гарбачовым “галоснасць” – адмова ад кантролю над СМІ, некалі разваліла савецкую сістэму. Сённяшні кіраўнік Беларусі выдатна памятае гэта і таму не пойдзе на дэмакратызацыю, якую ён успрымае як пагрозу страты ўлады, ні за якія прэферэнцыі. Такім чынам з пункту гледжання зробленага Еўрапейскай кааліцыяй і нікім не аспрэчанага аналізу, сапраўдная дылемма для апазіцыі гучыць так: “альбо без Лукашэнкі ў Еўропу, альбо з Лукашэнкам у Азію”.

3). Адзінства еўрапейскіх сіл Беларусі сапраўды вельмі важнае. Таму не зразумела, чаму прадстаўнікі руху “За свабоду”, якія тры месяцы таму ўвайшлі ў ініцыятыўную групу па правядзенню Кангрэсу еўрапейскіх сілаў, ініцыяваную Еўрапейскай кааліцыяй, амаль адразу пачалі блакаваць працу гэтай групы? Усе гэтыя месяцы яны, адвяргаючы праект стратэгіі дэмакратызацыі Беларусі, прапанаваны намі, так і не прапанавалі свой. Прадстаўнікі гэтага руху былі адзінымі з прадстаўнікоў 8 суб’ектаў ініцыятыўнай групы Кангрэсу, хто насуперак рэальным дзеянням рэжыма заяўлялі, што ўплыў Еўропы здольны дэмакратызаваць беларускі рэжым. Замест супольнай працы над агульнай стратэгіяй еўрапейскіх сілаў і падрыхтоўкай сумеснага кангрэсу, А.Мілінкевіч зараз распаўсюджвае гэты ліст аб падрыхтоўцы ім асабіста кангрэсу з аналагічнай назвай. Негледзячы на ўсе дэкларацыі аб адзінстве такія дзеянні вядуць да расколу еўрапейскіх сіл Беларусі, хаця гэты раскол паміж тымі, хто гатовы змагацца і тымі, хто спадзяецца на “вядучых палітыкаў аб’яднанай Еўропы”, уяўляецца аб’ектыўным.

Ніхто не спрачаецца са спадаром Мілінкевічам, што ўдзел нашай краіны ў супольных з адзінай Еўропай праектах на карысць Беларусі. Толькі падтрымка ці непадтрымка беларускай апазіцыяй і А.Мілінкевічам гэтага ўдзелу аказвае на яго неістотны і чыста сімвалічны ўплыў. Але калі кіраўнік руху “За свабоду” так хоча ўскласці на сябе функцыі сімвалічнага лабіста афіцыйнага Мінска ў супрацоўніцтве з Еўразвязам, то як ён хоча сумясціць гэтую функцыю з заяўленым ім намерам быць праціўнікам Лукашэнкі на прэзідэнцкіх выбарах? Быць адначасова лабістам ці пасярэднікам і праціўнікам для ўлады аднаму і таму ж чалавеку немагчыма, бо гэта выклікае недавер у яго здольнасці выконваць функцыю пасярэдніка ва ўладаў і функцыю іх праціўніка ў прыхільнікаў дэмакратыі. Трэба выбіраць – альбо пасярэднік, альбо праціўнік і змагар. Вось такая дылемма.”

Мікалай Статкевіч, каардынатар Еўрапейскай кааліцыі