Маленькая перамога

У турме № 4 зняволеным упершыню выдали сродкі гігіены.

Па непадцверджаных звестках, гэтая падзея, а менавіта, надзяленне зняволеных элементарнымі рэчамі, што належыць кожнаму з іх па закону, адбылася не ва ўсіх установах пенетэнцыарнай сістэмы, а толькі ў турме № 4 г. Магілёва.

Нагадаем, што там ўтрымліваецца кандыдат у прэзідэнты на мінулых выбарах, палітвязень Мікалай Статкевіч, а таксама палітвязні Яўген Васьковіч і Мікалай Дзядок. Раней мы паведамлялі, што Мікола Статкевіч неаднаразова ўздымаў перад адміністрацыей пытанне выканання закону ў дачыненні да зняволеных. Калі ўспомніць, што ў закрытых установах у зняволенні ў Беларусі знаходзяцца дзесяткі тысяч чалавек (нават па афіцыйных дадзеных блізка да 30 тысяч), то такая “эканомія” на іх здароўі мае істотны грашовы эквівалент. Многія з гэтых людзей не маюць падтрымкі з волі, не могуць зарабіць у зняволенні… Цяжка ўявіць, якім чынам яны могуць выконваць элементарныя патрабаванні гігіены. Не дзіўна, што захворваемасць інфекцыйнымі хваробамі ва ўстановах пенетынцыарнай сістэмы ў дзесяткі разоў перавышае агульныя паказчыкі і шмат гадоў з\’яўляецца вялікай сацыяльнай праблемай, аб якой з трывогай гавораць медычныя работнікі. Па нашых звестках, зняволеныя магілёўскай турмы сустрэлі гэтую навіну радаснымі выгукамі. Мы наўпрост звязваем гэту навіну з ранейшымі патрабаваннямі Мікалая Статкевіча.

Віншуем палітвязня з маленькай перамогай і спадзяемся, што ў самы бліжэйшы час такім мінімальным набліжэннем да стандартаў утрымання зняволеных здолеюць “пахваліцца” ўсе закрытыя ўстановы пенетынцыарнай сістэмы краіны.