На амністыю не разлічвайце…

Сёння, 5 траўня, Мікалай Статкевіч патэлефанаваў родным з турмы.

Гэта ўжо трэцяе тэлефанаванне за чатыры месяцы знаходжання Мікалая ў Магілёве – прыемны і неспадзяваны кантраст у параўнанні з ПК-17 у Шклове, – адзначае Марына Адамовіч, жонка палітвязня.

Званок стаўся абсалютна нечаканым, бо тэрміны і канкрэтныя даты дазволеных тэлефанаванняў не паведамляюцца. Вельмі ўзрадаваў як заўсёды бадзёры, вясёлы голас Мікалая. Пра сябе ён распавядаў няшмат, на здароўе не скардзіўся, сказаў, што, калі з нейкай нагоды іх вывелі на прагулку ў іншы дворык з турніком, здолеў падцягнуцца 12 разоў…  Гэта, пры тым, што ад лета ён такой мажлівасці не меў, – адзначыла жонка.

Мікалай прасіў перадаваць прывітанні агульным знаёмым, сябрам, а таксама падзякаваць усім, хто яго падтрымліваў і падтрымлівае.

Не спадзявайцеся на амністыю,”-  папрасіў перадаць блізкім і сябрам Мікола Статкевіч, “я сваю пазіцыю не мяняў, а на “злосных парушальнікаў” гэта ўвогуле не распаўсюджваецца“. Разам з тым, палітвязень спадзяецца, што хоць хтосьці з палітвязняў можа ўлетку апынуцца на волі.